- Напэўна, распаўсюджванню забабонаў спрыяюць асаблівасці псіхікі чалавека... - Аднойчы паехаў з манаскай сястрой на пахаванне. Яна ўзяла з сабою слоічак з асвечанай вадою, бо не было малога крапідла. Прыехалі на могілкі, памаліліся. Бачу, што сястра хоча выліць рэшту вады ў магілу. Я асцярожна яе стрымаў, папрасіў выліць ваду пад дрэва. Пасля растлумачыў, што людзі звярнулі б увагу на гэты жэст і надалі яму глыбокі сэнс. Магла нарадзіцца новая традыцыя. І ніхто б пасля не ўспомніў, адкуль яна пайшла.
- Адзін з самых старажытных звычаяў – завешваць люстэркі ў доме, дзе знаходзіцца памерлы. Вядома, у яго не хрысціянскія карані? Калі не памыляюся, нежывое цела чалавека выдзяляе фосфар, а люстэрка яго ўпітвае. І калі не закрыць люстэрка, то пазней сілуэт памерлага можа ў ім адбіцца. Справа тыпічна хімічная. А людзі прыдумваюць, што гэта памерлы прыходзіць, бо хоча яшчэ затрымацца побач з імі.
- Страшна падумаць, але большасць павер’яў заснаваны на... эгаізме чалавека. Нават у хвіліны смерці бліжняга людзі думаюць пра сябе: “як выправадзіць смерць з хаты”, “не наклікаць бяды”... Менавіта таму многія баяцца азірацца, ідучы ў пахавальнай працэсіі, ставяць у хаце шклянку з вадой, накрываючы лустай хлеба, пераварочваюць лаўкі ці стол, дзе стаяла труна, каб ніхто ў гэтым годзе не памёр. - Так, сапраўды, перад абліччам смерці, калі няма даверу да Бога, выходзіць і страх, і бунт адносна Провіду. Таму чалавек не згаджаецца са смерцю блізкіх і абураецца на Усявышняга, а часам і блюзнерыць.
І атрымліваецца, што смерць блізкага чалавека, якая павінна ўзмацняць нашу веру, наадварот, забівае яе. Здаралася мне хаваць людзей у глыбокарэлігійных сем’ях, дзе ў момант пахавання ніхто не галасіў, прыгаворваючы: “А чаго ты туды ідзеш?”, “А чаму ты не ўстаеш?” і да т. п. У іх малітвах адчувалася ўдзячнасць Богу за дар жыцця і збаўлення. Дарэчы, успамінаю суседа, які ў маладосці ў касцёл асабліва не хадзіў, не кажучы ўжо пра сакраментальнае жыццё. Але менавіта смерць дзядулі, якога вельмі моцна любіў, прывяла яго ў касцёл, прымусіла задумацца над сваім жыццём і кардынальна змяніць яго ў лепшы бок. Сёння ён святар.
- Часам людзі робяць некаторыя сімвалічныя жэсты, не разумеючы іх сапраўднага значэння. Вось, напрыклад, вочы закрываюць з боязі, каб нябожчык “не ўглядаўся, каго забраць з сабой”. На самой жа справе, хрысціяне робяць гэта, прыпадабняючы памерлага да спячага. Бо, згодна Бібліі, чакаецца другое прыйсце Хрыста, калі ўсе памерлыя абудзяцца. - Тое ж адбываецца і з сімвалічным жэстам кідання зямлі на труну падчас развітання. Некаторыя лічаць, што тым самым засцерагаюць сябе ад нябожчыка: каб не прыходзіў і не палохаў. А на самой справе? Святар кідае зямлю на труну і прамаўляе словы: “Памятай, што ты з пылу паўстаў, і ў пыл вернешся”. Так і вернікі, кідаючы жменю зямлі, павінны прыпамінаць сабе гэтую праўду.
- На пахаванні можна назіраць за тым, як моцна людзі прывязаны да матэрыяльнага свету. Некаторыя кладуць у труну асабістыя рэчы памерлага... - Часам даходзіць да камічных сітуацый. Адзін вартаўнік распавядаў, што некалькі сутак чуў на могілках музыку. Вядома, быў моцна напалоханы. Як пазней высветлілася, родныя паклалі ў труну магнітафон, які любіў памерлы, і ён граў, пакуль не селі батарэйкі... Аднойчы назіраў, як у труну клалі грошы. Хацелася ў такой сітуацыі спытаць, што па чым у небе можна набыць.
- Што, згодна хрысціянскаму звычаю, павінна быць у труне? - У асяроддзі, дзе я служу, заўсёды даюць у рукі ружанец. Думаю, гэтага больш чым дастаткова.
- У выпадку крэмацыі святыя рэчы спальваюцца разам з целам? - Так, асвечаныя рэчы выкідаць нельга, таму іх спальванне – натуральная справа.
- А ці трэба на пахаванні прысутнічаць дзецям? Раней гэта было распаўсюджанай практыкай. - Пытанне даволі асабістае. Трэба звярнуць увагу, наколькі дзіця падрыхтавана. Важна расказаць яму, што адбываецца. Некаторыя дарослыя замест таго, каб растлумачыць сэнс хрысціянскай веры, палохаюць дзяцей памерлымі: нібы калі тыя не будуць слухацца, то нябожчыкі па іх прыйдуць. І тады, вядома, дзіця будзе пазбягаць пахавання, расцэньваць яго як выключна негатыўны момант у жыцці чалавека. А пры нармальным падыходзе і добрым тлумачэнні прысутнасць дзіцяці на пахаванні – гэта пераказ веры.
- З якой мэтай ладзяцца памінкі? Як яны павінны праходзіць? - Памінкі праводзяць для таго, каб сям’я магла сабрацца разам. Бо вядома, на штодзень усе бегаюць, мітусяцца. Пахаванне – гэта момант прыпынку і супакою, якія, між іншым, спрыяюць аб’яднанню сям’і. Ведаю адну вёску, дзе ўжо стала традыцыяй правядзенне памінак без алкаголю. І хоць раней усе ёй супраціўляліся, зараз падтрымліваюць і радуюцца, што трываюць у духу добрай памяці аб памерлым, не ператвараючы пахавання ў вяселле.
- І што атрымліваецца? Большасць пахавальных звычаяў – гэта забабоны, назапашаныя чалавецтвам на працягу стагоддзяў? - Відаць, што так. Варта памятаць: адзінае, чаго ад нас патрабуе памерлы на шляху да неба, – малітоўная падтрымка, і толькі.
Як правільна праводзіць абрад пахавання: 1. Малітва родных і суседзяў пры труне памерлага ад моманту злажэння цела да прыбыцця святара. 2. Першая стацыя ў доме памерлага (праводзіць святар). 3. Момант развітання родных з памерлым. 4. Другая стацыя – пахавальная св. Імша з абрадам развітання (у касцёле або ў капліцы на могілках). 5. Трэцяя стацыя – малітва на могілках. 6. Пасля заканчэння малітвы пры апусканні труны спяваецца “Анёл Панскі”. |
|