Lectio Divina

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

Распачынаецца Адвэнт – час чакання Нараджэння Хрыста. Праз пакаянне, малітву і добрыя справы людзі запрашаюць Збаўцу ў свае сэрцы, імкнуцца ахвяраваць нованароджанаму Езусу адноўленае духоўнае жыццё.
    Каб з’яднацца з Хрыстом і праз Яго наблізіцца да Айца, прапануем Вам скарыстацца з малітвы Lectio Divina. Падчас яе чалавек намагаецца адказаць на Божае слова.
Малітва Святым Пісаннем
    У перакладзе з латыні Lectio Divina азначае “Боскае Чытанне”. Гэта род малітвы, які грунтуецца на павольным, сузіральным чытанні Святога Пісання. Мы, хрысціяне, верым, што Божае слова Духам Святым дзейнічае ў нашых сэрцах. Таму імкнёмся праз прачытанае зразумець, што Усявышні хоча сказаць асабіста нам.
    Святое Пісанне заўсёды абвяшчаецца падчас літургіі. Акрамя таго, яго рэкамендуецца чытаць індывідуальна: не дзеля таго, каб стаць разумнейшым, а каб спасцігнуць таямніцу разумення Хрыста.
    Каб ушчыльную наблізіцца да Божага слова, чалавеку трэба валодаць асаблівай унутранай пакорай і чысцінёй сэрца. Неабходна намаганне, каб адарвацца ад штодзённасці. “Бог гаворыць у цішыні” – такі надпіс і сёння можна сустрэць на сценах некаторых кляштараў.

    Знаходжанне з Богам і адпачынак у Ім
    Lectio Divina была вядома ўжо ў патрыстычны перыяд (IV–V ст.). Атрымала сваё развіццё ў перыяд позняга сярэднявечча, і амаль поўнасцю знікла ў XV ст. Як форма манаскай і пазаманаскай малітвы пачала адраджацца ў ХХ ст. разам з развіццём французскага біблійна-літургічнага руху.
    Сёння існуе шмат форм Lectio Divina, аднак апісанне, якое прапанаваў манах Гвіга ў 1173 годзе, з’яўляецца фундаментальнай асновай для дадзенай практыкі. Гэта крокі, якія можна параўнаць з лесвіцай з чатырма прыступкамі – духоўнымі практыкаваннямі: чытанне, разважанне, малітва і сузіранне. Варта ўсведамляць, што гэта не набор правіл, а апісанне натуральных працэсаў развіцця малітвы: ад размовы ў бок усё большага слухання.
    Боскае чытанне можа быць індывідуальным і групавым. Падчас індывідуальнай практыкі чалавек знаходзіцца сам-насам з сабой. На працягу групавых чытанняў удзельнікі думаюць у прысутнасці адзін аднаго, абменьваюцца духоўным багаццем, якім Божае слова адарыла іх сэрцы.
    Час, прадугледжаны для Lectio Divina, – каля адной гадзіны. Але гэты час адносны, бо Пан сам вядзе чалавека. Усё залежыць ад жадання і падрыхтаванасці асобы.
    Канкрэтнай мэты ў Lectio Divina не існуе, тут важны сам працэс – знаходжанне з Богам, адпачынак у Ім і прадастаўленне Усявышняму магчымасці дзейнічаць у чалавеку.
   
    З закліку Духа да сузірання Бога
    Да Lectio Divina трэба падрыхтавацца маўчаннем і малітвай. Забыцца пра штодзённыя праблемы, адмовіцца ад трывог і хваляванняў. Усе думкі павінны быць скіраваны толькі на Бога. Неабходна звярнуцца да Святога Духа, каб Ён адкрыў вушы сэрца і дапамог зразумець Слова.
   
    Прапануецца выбраць зручную позу і выраўняць дыханне. У дапамогу сабе можна паставіць абраз або запаленую свечку.
   
    1. Lectio – чытанне
    Фрагмент Святога Пісання прачытваецца паволі некалькі разоў. Услых, калі гэта магчыма. Можна выкарыстаць аловак, каб падкрэсліць некаторыя канкрэтныя словы і фразы або важныя думкі, якія кранулі сэрца. Часам карысна перапісаць тэкст. Гэта прымушае да большай канцэнтрацыі, дазваляе ўхапіць тыя аспекты тэксту, якія не былі заўважаны раней.
   
    2. Meditatio – разважанне
    Чалавек імкнецца паглыбіцца ў сэнс прачытанага, “разжаваць” яго ў сваім сэрцы. Гэта этап, на якім асоба задае сабе пытанне: “Як я магу змяніць сваё жыццё ў адпаведнасці з Божым словам, якое толькі што пачуў?”.
    Падчас разважанняў можна выкарыстоўваць рознага роду даследаванні і біблейскія каментарыі, якіх дастаткова шмат. Але варта рабіць гэта з вялікай павагай да самога тэксту.
   
    3. Oratio – малітва
    Пасля глыбокіх разважанняў узнікае непераадольная неабходнасць малітвы. У залежнасці ад таго, што змяшчае тэкст, яна можа адгукнуцца ў сэрцы просьбай, падзякай або праслаўленнем. Маліцца – значыцца адказваць Богу, выслухаўшы Яго словы. Як казаў святы Аўгусцін: “Калі ты чытаеш Святое Пісанне, то Бог гаворыць з табой, а калі молішся, ты гаворыш з Богам”. Такім чынам, мы маем магчымасць дыялогу з Усявышнім.
   
   
   
    4. Contemplatio – сузіранне
    Сузіранне – гэта пачуццё прысутнасці Бога і невымоўная радасць ад Яго наведвання. Чалавек апускаецца на тую глыбіню сэрца, дзе Гасподзь кажа ціхім, нібы павеў ветру, голасам. Гэта не плод якіх-небудзь каласальных намаганняў, а, хутчэй, дазвол на дзеянне Духа Божага.
   
 
Кожнае духоўнае практыкаванне – гэта намаганне і справа, якой чалавек навучаецца. Таму ў Lectio Divina ён паступова адкрывае для сябе ўсё гэтае багацце. Добра было б, каб кожны, хто зацікавіўся гэтай формай малітвы, спрабаваў і не губляў ахвоты, нават калі з першага, другога, трэцяга разу ў яго не зусім атрымаецца. Рэгулярна практыкуючы заняткі гэтага тыпу, у нас усё лепш будзе атрымлівацца. Кожны раз з гэтага будзе ўсё большая карысць. Гаворка пра тое, каб мы навучыліся чытаць Святое Пісанне, разважаючы над ім, усведамляючы тое, што Святы Дух прамаўляе да нас, што сам Пан Бог з намі размаўляе. Гэта не толькі кніга, якая пашырае нашыя веды, яна таксама ўводзіць нас у больш блізкі кантакт з Богам. Калі мы будзем гэта ўсведамляць, калі з такімі адносінамі будзем падыходзіць да Lectio Divina, то ўбачым, што яна вельмі ўзбагаціць нас, наблізіць да Пана, паглыбіць любоў да Яго Слова, якое з’яўляецца для нас крыніцай Аб’яўлення.
Ксёндз Аляксандр Мацкевіч, выкладчык Святога Пісання ў Гродзенскай ВДС