Хрост

Катэхеза са «СЛОВАМ»

Сярод сямі сакрамантаў Касцёла хрост называюць першым. Гэта не выпадкова – ён абавязковы для прыняцця ўсіх астатніх сакрамантаў. У сувязі з гэтым хрост называюць брамай усіх сакрамантаў. Праз яго мы вызваляемся ад граху, становімся Божымі дзецьмі і далучаемся да Касцёла.
Ці быў хрост выдуманы Касцёлам?
    Сёння ўсё часцей можна сустрэць сцвярджэнне, што хрост быў выдуманы Касцёлам як рытуал, які павінен паказваць прыналежнасць чалавека да гэтага Інстытута, або нават, што хрост быў “пазычаны” хрысціянствам з іншай рэлігіі. Бясспрэчна, што ў многіх язычніцкіх рэлігіях існавалі рытуалы рэлігійнага абмывання, набліжаныя па сваёй форме да сакраманту хросту. Так, напрыклад, у рэлігіях старажытнага Вавілона, Егіпта, Грэцыі ці Індыі прысутнічаў абрад рэлігійнага абмывання як сімвал маральнага ачышчэння. У іудаізме ж да сённяшняга дня практыкуецца рытуальнае абмыванне ад бруду.
Хрост у хрысціянстве радыкальна адрозніваецца ад рытуалаў такога тыпу і ў ніякім выпадку не можа паходзіць ад іх. Мы, хрысціяне, верым, што хрост быў устаноўлены самім Хрыстом, прытым не толькі з-за ўнутранай неабходнасці чалавека духоўна ачысціцца, але як сакрамант поўнага адраджэння да новага жыцця Божага дзіцяці. Паводле дэкларацыі Сусветнай рады Касцёлаў 1982 года, падчас хросту асоба атрымлівае новую сутнасць – сына ці дачкі Бога. Хрост яднае ахрышчанага з Хрыстом, а таксама хрысціян паміж сабой. У Новым Запавеце ўстанаўленне сакраманту хросту Хрыстом мы назіраем тройчы: першы раз – у прадказанні Яна Хрысціцеля аб тым, што Хрыстос прынясе новы хрост – “Духам Святым і агнём”, другі раз – калі ў размове з Нікадзімам Хрыстос гаворыць аб неабходнасці адраджэння праз абрад хросту, і трэці раз – калі ў дзень свайго ўнебаўшэсця Хрыстос пасылае сваіх вучняў з наказам удзяляць хрост усім народам.
   
    Ці абавязкова чалавек павінен быць ахрышчаны?
    Перш чым адказваць на гэтае пытанне, давайце падумаем аб выніках св. хросту. Па-першае, праз хрост адпускаюцца ўсе грахі – першародны грэх і ўсе асабістыя грахі, а таксама ўсе пакаранні за грахі. У тых, хто быў адроджаны праз хрост, не застаецца нічога, што магло б перашкодзіць ім увайсці ў Божае Валадарства. Хрост не толькі ачышчае ад усіх грахоў, але і робіць нас “новым стварэннем”, Божым дзіцём. Найсвяцейшая Тройца дае ахрышчанаму асвячальную ласку, ласку апраўдання, што робіць яго здольным верыць у Бога, здольным пакладаць у Ім надзею і любіць Яго. Праз хрост чалавек атрымлівае здольнасць жыць і дзейнічаць пад натхненнем Святога Духа. Праз хрост мы далучаемся да Касцёла. Хрост апячатвае хрысціяніна непазбыўнай духоўнай адзнакай (характарам) яго прыналежнасці да Хрыста і Касцёла. Хрост не гарантуе чалавеку збаўлення, але з’яўляецца абавязковым для яго. Трэба памятаць, што гэта сакрамант веры, а таму, здаецца, гэтыя аргументы могуць пераканаць у абавязковасці хросту для веруючага чалавека або для таго, хто шукае Бога.
    Няма нічога дзіўнага ў тым, што няверуючыя людзі часта гавораць аб непатрэбнасці хросту. Асабліва востра стаіць пытанне хросту немаўлят. Можна сустрэцца з поглядам, што чалавек павінен “дарасці” да гэтага і сам вырашыць, хоча ён хрысціцца ці не. Практыка хросту дзяцей існуе ў традыцыі Касцёла з незапамятных часоў. З пачатку апостальскага прапаведавання, калі хрост прымалі цэлымі “дамамі”, хрысцілі таксама і дзяцей. Факт, што Касцёл хрысціць дзяцей, з’яўляецца праяўленнем клопату аб тым, каб чалавек ужо з дзіцячых гадоў мог атрымаць усю паўнату ласкаў, якія Бог удзяляе ў гэтым святым сакраманце.
   
    Хросныя
    Кодэкс Кананічнага Права выразна акрэслівае ўмовы, якія павінны выконваць хросныя. Ім павінна быць не менш за 16 гадоў, хіба толькі дыяцэзіяльны біскуп акрэсліў іншы ўзрост. Хросныя павінны быць бежмаванымі асобамі, прыняць сакрамант Эўхарыстыі і “весці згоднае з верай жыццё”. На хросных бацькоў ускладаецца вельмі сур’ёзны абавязак, а менавіна выхаванне таго вялікага скарбу, які дзіця атрымлівае ў час хросту. Хросныя павінны дапамагаць бацькам выхоўваць дзіця ў веры. Часта праблема заключаецца ў тым, што бацькі не вельмі сур’ёзна падыходзяць да выбару хросных і проста хочуць ушанаваць такім чынам кагосьці са сваіх знаёмых, не беручы пад увагу рэальнага ўплыву і магчымасці кантакту гэтага чалавека з дзіцём. Калі хросныя не могуць дапамагаць дзіцяці сталець у веры, трэба задумацца, ці ёсць сэнс давяраць ім такую адказную справу.
    Выбар хросных бацькоў часта з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для вернікаў, якія збіраюцца ахрысціць дзіця. Вырашыць гэтае пытанне нам дапаможа кс. Міхал Ластоўскі.
   
кс. Міхал Ластоўскі    Інтэрв’ю з кс. Міхалам
   - Ксёндз Міхал, адным з найбольш распаўсюджаных пытанняў, што датычацца хросных бацькоў, з’яўляецца пытанне, ці могуць гэтую функцыю ў каталіцкім Кас­цёле выконваць права­слаўныя вернікі?
   - Да II Ватыканскага Сабору адказ Касцёла на гэтае пытанне быў адмоўным. Сабор жа, кіруючыся духам братэрства, дазволіў, каб праваслаўныя вернікі выконвалі функцыю хросных бацькоў у каталіцкім Касцёле, але толькі з той умовай, што адзін з хросных абавязкова павінен належаць да каталіцкага Касцёла.
   
   - Ці можа асоба, якая жыве ў несакраментальным саюзе, быць запрошана ў якасці хроснага?
   - Функцыя хросных бацькоў вельмі адказная, таму яе не можа выконваць чалавек, які сваім жыццём супярэчыць хрысціянскай маральнасці.
   
   - Ці могуць хросныя бацькі пазней быць сведкамі канфірмацыі?
   - Так, канешне. Прыклад такой практыкі бачны асабліва ў Касцёлах усходняга абраду, дзе сакрамант канфірмацыі ўдзяляецца разам з хростам.
   
   - Сярод людзей існуе думка, што, напрыклад, нельга запрашаць быць хроснымі бацькамі сямейную пару або цяжарную жанчыну, нельга выбіраць хросных да нараджэння дзіцяці. Таксама вельмі распаўсюджана такое сцвярджэнне, што нельга, як кажуць, “адхрышчваць” іншаму дзіця – калі дзве сям’і запрашаюць адна адну быць хроснымі бацькамі для сваіх дзяцей. Як Вы маглі б гэта пракаментаваць?
   - Ва ўсходніх Касцёлах існуе паняцце духоўнай роднасці, калі нельга запрашаць на ролю хросных бацькоў свайго хросніка. Але ў рымска-каталіцкім Касцёле нічога падобнага няма. Што ж датычыць іншых пытанняў, можна з упэўненасцю сказаць, што гэта проста забабоны, на якія веруючы чалавек не павінен звяртаць увагі.
   
    Падсумаванне
    Сакрамант святога хросту – гэта асноўны сакрамант, які ўключае нас у пасхальную таямніцу Пана. Дзякуючы ласцы гэтага сакраманту мы носім у сабе насенне новага жыцця – святло ўваскрослага Хрыста. Гэтае святло з’яўляецца найпрыгажэйшым і найлепшым дарам Бога. Хрост мы называем дарам, ласкай, шатай непарушнасці, купеллю адраджэння, пячаццю. Дарам – бо ён удзяляецца тым, хто нічога не можа даць узамен; ласкай – бо даецца нават вінаватым; асвячэннем – таму што ён яснее святлом Хрыста; шатай – бо закрывае нашу духоўную галізну; купеллю – бо ачышчае ад граху; пячаццю – бо з’яўляецца знакам прыналежнасці да Бога.