Паўсюдны Касцёл (25)

Варта ведаць


   † Шатландыя. Каталіцкі Касцёл у Шатландыі рыхтуецца прыняць папу Францішка і сусветных лідараў на саміце ААН па клімаце. Ён будзе праходзіць у Глазга з 31 кастрычніка па 12 лістапада 2021 года. Падчас правядзення форуму плануюцца малітвы, чуванні, сустрэчы для моладзі і экуменічныя ініцыятывы. Касцёльны аргкамітэт ініцыятыў, звязаных з COP26, уключыў 10 асоб: спецыялістаў у галіне літургіі, музыкі, лагістыкі, медыя. Яго ўзначаліў ардынарый дыяцэзіі Галаўэй біскуп Уільям Нолан. На COP26 яны маюць намер падтрымаць папскі заклік выпрацаваць пагадненне, якое выратуе планету.

    † Італія. Мітрапаліт Неапаля арцыбіскуп Дамэніко Баталья, спаслаўся на абвастрэнне вайны паміж бандамі ў горадзе. “Яны забіваюць Неапаль! Сляды крыві, пакінутыя ў апошнія дні на некалькіх вуліцах і ў прыгарадах, не могуць нікога пакінуць абыякавым”, – напісаў іерарх. Нядаўна ў Неапалі адбыліся крывавыя сутычкі паміж канкурыруючымі кланамі Каморы. Паліцыя зафіксавала 12 нападаў і выбухаў, у асноўным у неапальскім прыгарадзе Пантычэлі. Некалькі чалавек загінулі. Апошнім з іх быў 23-гадовы мужчына, забіты сямю выстраламі з пісталета з блізкай адлегласці.
   
   † Арменія. Падчас візіту Прэзідэнта Арменіі Армэна Саркісяна да папы Францішка было прынята рашэнне аб адкрыцці ў гэтай краіне Апостальскай нунцыятуры. Прэс-служба кіраўніка дзяржавы паведаміла, што падчас сустрэчы з Дзяржсакратаром кардыналам П’етра Паралінам Саркісян з задавальненнем прыняў рашэнне папы Францішка заснаваць Апостальскую нунцыятуру, якая неўзабаве адкрыецца ў Ерэване. Гэта даказвае “зацікаўленасць абодвух бакоў у развіцці адносін паміж Арменіяй і Святым Пасадам”. Да гэтага часу Апостальскі нунцый у Арменіі знаходзіўся ў Апостальскай нунцыятуры ў сталіцы Грузіі, Тбілісі. З 2018 года нунцыем у Арменіі і Грузіі быў арцыбіскуп Хасэ Авеліна Бетанкур.
   
   † Францыя. Епіскапат Францыі падкрэсліў рашучасць намаганняў усіх біскупаў, а разам з імі і ўсіх католікаў, каб абарона дзяцей стала абсалютным прыярытэтам. Старшыня Канферэнцыі Біскупаў, арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор сустрэўся з Міністрам унутраных спраў краіны Жэральдам Дарманэнам. У ходзе сустрэчы было падкрэслена, што “маштаб сексуальнага насілля і агрэсіі ў адносінах да непаўналетніх, прыведзены ў Рапарце, патрабуе ад Касцёла ў гэтым кантэксце нанава прааналізаваць свае практыкі”. Епіскапат Францыі будзе намагацца, каб абарона дзяцей была на першым месцы.