• У горадзе Мантэрыя ў Калумбіі 15 ліпеня быў забіты святар Луіс Леон Перэйра. Забойства было здзейснена ў закрыстай перад пачаткам святой Імшы, да якой ён рыхтаваўся. Злачынец пранік у касцёл з мэтай крадзяжу і расправіўся са святаром, які яго там застаў. Затым ён спрабаваў уцячы, але на вуліцы яго схапіў натоўп мясцовых жыхароў, якія збіраліся ўчыніць над ім самасуд. Адбыліся сутычкі паміж імі і паліцыяй, што прыбыла на месца забойства. Больш за сто паліцэйскіх вымушаны былі ўмяшацца, каб вывесці забойцу.
• Рашучае “не” легалізацыі самазабойства пры ўрачэбным садзеянні сказалі каталіцкі і евангелічны Касцёлы Германіі. Яны выказалі сваю пазіцыю ў супольнай дэкларацыі ў сувязі з дыскусіяй ў Бундэстагу па чатырох законапраектах аб канцы жыцця і магчымасці ўрэгулявання самазабойства пры ўрачэбным садзеянні. “Мы павінны зрабіць усё, каб у нашай краіне самазабойства не стала звычайным фактам”, – заяўляюць кардынал Райнхардт Маркс і біскуп Хайнрых Бедфорд-Штром, якія падпісалі дэкларацыю. Адначасова з гэтым падкрэсліваецца неабходнасць развіцця сеткі хоспісаў і паліятыўнага догляду. †