Варта ведаць (5)

Варта ведаць

Духоўныя асобы не могуць насіць зброю
    Аб гэтым выказаліся біскупы Філіпінаў, якія скрытыкавалі новы ўрадавы дэкрэт, што дазваляе, між іншым, таксама і духоўным асобам насіць агнястрэльную зброю, асабліва тым, хто працуе на місійных тэрыторыях і на тэрыторыях з высокай рызыкай.
    Паводле іерархаў, гэта супярэчыць хрысціянскай веры нават для асабістай абароны.
    Бп Анэста Антыока, біскуп Кубао, на тэрыторыі гістарычнай сталіцы Кесон-Сіці, выказаўся, што пакліканне і роля духоўных асоб у ператварэнні грамадства адрозніваецца ад свецкіх дзеячаў і дадаў, што духавенства павінна больш звяртаць увагу на сваю місію сярод вернікаў, а не на сваю бяспеку.
    Агенцтва “Asianews” падае таксама, што ўлады рэгіёна Мінданао хочуць навязаць замежным біскупам і місіянерам узброены эскорт, аднак большасць адмаўляецца ад такой прапановы, бо гэта будзе абмяжоўваць сведчанне, якое яны даюць людзям, што таксама сустракаюцца з такімі праблемамі.

Ekai.pl

   Католікі з Польшчы даюць сведчанне веры жыхарам Ісландыі 
    Ісландыя – гэта краіна з лютэранскімі традыцыямі. Католікі там складаюць меншасць. Аднак, як падае біскуп Пётр Бурчэр, ардынарый Рэйк’явіка, іх колькасць за апошнія гады павялічылася ў тры разы. Вялікі ўплыў на гэта мелі палякі, якія прыехалі сюды шукаць працу. Як паведамляе іерарх, яны даюць сапраўднае сведчанне вернасці Касцёлу праз удзел у нядзельнай Эўхарыстыі, што ўражвае мясцовых лютэранаў. Большасць ісландскіх католікаў – гэта чужаземцы, так як і бп Пётр Бурчэр, які паходзіць са Швейцарыі. Чужаземцы з Польшчы – гэта маладыя людзі, якія працуюць у рыбалоўстве і турыстыцы. І на нядзельнай св. Імшы большасць складаюць менавіта маладыя людзі.
    Дыяцэзія Рэйк’явік была ўстаноўлена 45 гадоў таму. Такім чынам, гэта малады Касцёл і, як сцвярджае бп Бурчэр, вельмі дынамічны. Паводле слоў іерарха, у каталіцкім Касцёле ў Ісландыі ў 10 разоў больш хростаў, чым пахаванняў. Прычынамі такой статыстыкі з’яўляюцца: большая колькасць дзяцей у каталіцкіх сем’ях, іміграцыя і навяртанні лютэранаў, якія вырашаюць поўнасцю з’яднацца з каталіцкім Касцёлам.

Ватыканскае радыё

    Крыжовы шлях аб праблемах маладых людзей
    Крыжовы шлях падчас Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра будзе паказваць пакуты Хрыста і сучасныя праблемы, ужываючы мову маладых людзей. Стацыі Крыжовага шляху будуць мець розныя тэмы, напр.: “Маладыя закаханыя”, “Вучні на інвалідных калясках”, “Моладзь у сацыяльных сетках”, “Моладзь прыгавораная, ўдзельнікі душпастарства вязняў”, “Маладыя, якія навярнуліся” і г.д. Арганізатары хочуць спалучыць мовы мастацтва росных эпох, а асабліва сучаснага мастацтва. Яны таксама дадаюць, што гэтае набажэнства будзе поўнасцю адрознівацца ад таго, якое прайшло падчас СДМ у Мадрыдзе, будзе выключным і непаўторным. Кажуць, што асабісты ўдзел будзе моцным досведам для кожнага.

www.rio2013.com