Варта ведаць (130)

Актуальна - Варта ведаць

☞ Дзяржаўны сакратар Апостальскай Сталіцы кард. П’етра Паралін паведаміў, што папа Францішак выказаў сваю гатоўнасць паехаць у Пхеньян (Карэйская Народна-Дэмакратычныя Рэспубліка). Аднак такое падарожжа патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі. Перададзенае вусна праз Прэзідэнта Паўднёвай Карэі запрашэнне – гэта толькі першы крок. Кард. Паралін адзначыў, што візіт Святога Айца быў бы істотнай падтрымкай працэсу прымірэння і ядзернага раззбраення на Карэйскім паўвостраве.

    ☞ На днях у Бейт Джамаль, у 30-ці км на захад ад Іерусаліма (Ізраіль), на каталіцкіх могілках невядомыя зламыснікі знішчылі некалькі пахаванняў і пераламалі шматлікія крыжы. Гэта не першы такі выпадак. За 2 гады на тых самых могілках нешта падобнае адбывалася некалькі разоў. Выканаўцы такіх актаў вандалізму не выкрыты па сёння. Члены Саюза католікаў Святой Зямлі скіравалі да дзяржаўных улад заяву, у якой з сумам і болем адзначаюць, што не адчуваюць сябе ў бяспецы і не бачаць ніякіх дзеянняў з боку дзяржавы, якая б даводзіла да грамадства патрэбу павагі да поглядаў і веры іншых людзей.
   
   ☞ У Іспаніі, дзе пражывае больш за 46 млн чалавек, ва ўмовах крайняй галечы знаходзяцца 4 млн жыхароў. Такую інфармацыю падае нацыянальны “Карытас”. У параўнанні з пачаткам эканамічнага крызісу, прыпаўшага на 2007 год, кола найбяднейшых у гэтай іберыйскай краіне ўзрасло на 40%. Кіраўніцтва дабрачыннага таварыства адзначае, што ў Іспаніі жыве агулам 8,6 млн чалавек, якія пакутуюць ад беднасці, і ўказвае, што ў выпадку раптоўнага эканамічнага спаду іх колькасць можа павялічыцца яшчэ на 6 млн чалавек.
   
   ☞ Першая жанчына-доктар навук па інфарматыцы ў ЗША... была манахіняй! С. Мэры Кеннэт Келлер з Ордэна Сясцёр Міласэрнасці Бласлаўлення Панны Марыі за 20 гадоў да стварэння аперацыйнай сістэмы Microsoft Windows прадугледжвала, што ў бліжэйшы час паўстануць сеткі перадачы лічбавых дадзеных. Манахіня стала адной з галоўных навукоўцаў, якія распрацавалі мову праграмавання BASIC. Дзякуючы яе намаганням камп’ютары сталі даступнымі для грамадства.
   
   ☞ Каталіцкая арганізацыя “Fundación Ramón Pané” стварыла гульню ў дапоўненай рэальнасці, якая па прынцыпе працы нагадвае “Pokémon Go”. Толькі называецца яна “Follow JC Go”, і шукаць трэба Хрыста, апосталаў, прарокаў, святых і хрысціян, каб сабраць каманду евангелізацыі. У гульні прапануецца выконваць індывідуальныя або групавыя місіі, мець зносіны з іншымі геймерамі-католікамі і хадзіць на офлайн-сустрэчы на рэлігійную тэматыку. Спампаваць гульню на свой дэвайс можна бясплатна ў App Store, Google Play.

credo.pro; niedziela.pl; aleteia.org