Варта ведаць (126)

Актуальна - Варта ведаць

☞ Касцёл у Бразіліі прыняў асноўны дакумент аб евангелізацыі, распрацаваны ў Форталеза падчас сустрэчы прэзідыума епіскапата з 82-ма біскупамі паўночнай часткі краіны. У ліку важнейшых пытанняў, якія былі закрануты, – знак пашаны да характэрных рысаў народнай рэлігійнасці, адкрытасць на экуменічны дыялог, талерантнасць у міжканфесійных адносінах. У дакуменце падкрэсліваецца, што Касцёл у Бразіліі павінен стаць больш місіянерскім, атаясамліваючыся з беднымі, і абараняць людзей, якія пакутуюць ад усякага роду прыгнёту, незалежна ад таго, палітычнае яно, эканамічнае або рэлігійнае.

    ☞ Кляштар св. Тэклі ў Маале (Сірыя), размешчаны ў 50-ці км на паўночны ўсход ад Дамаска, зноў адкрыты. Работы па яго аднаўленні працягваліся з 2014 года і ўжо набліжаюцца да свайго фінальнага этапа. Да таго, як горад быў акупіраваны, кляштар з’яўляўся галоўным месцам паломніцтва для хрысціян у краіне. У снежні 2013 года фундаменталісты ісламскай дзяржавы выкралі 13 сясцёр разам з 3-ма работнікамі. На шчасце, усіх выкрадзеных адпусцілі на тэрыторыі Лівана, які разам з Катарам быў пасярэднікам у справе вызвалення заложнікаў. Маюцца звесткі, што манахіні ўжо вярнуліся ў кляштар.
   
   ☞ Семінарыю св. Малахія ў Белфасце (Ірландыя) зачынілі. Гэта была адзіная семінарыя ў краіне. Непасрэднай прычынай падзеі стала ліквідацыя Інстытута схаластычнай філасофіі ў Каралеўскім універсітэце ў Белфасце, дзе праходзілі заняткі ў клерыкаў. Улады дыяцэзіі паведамілі, што факт закрыцця Інстытута выклікае адсутнасць магчымасці адпаведнай падрыхтоўкі кадраў па філасофіі. Існуючыя клерыкі будуць пераведзены ў іншыя, бліжэйшыя семінарыі.
     
   ☞ У Рыме (Італія) плануецца ўзвесці першы касцёл пад тытулам св. Яна Паўла ІІ. Ён спраектаваны брытанскімі архітэктарамі. Паўстане ў раёне Гарбатэла на тэрыторыі колішніх выставачных залаў. Будаўніцтва мае быць завершана праз 3 гады. Новы касцёл будзе не толькі чарговай парафіяй, але і важнай кропкай адліку для студэнтаў і моладзі, а таксама мэтай наведвання для пілігрымаў з усяго свету, якія прыбываюць у гэты раён горада ў базіліку св. Паўла за Мурамі.
   
   ☞ Французскі тэлеканал грамадскага вяшчання “France 2” зняў дакументальны фільм пад назвай “Царква – гэта жанчына”. У ліку яго герояў – прэзідэнт ватыканскай педыятрычнай лякарні “Bambino Gesù”, рэктар Папскага ўніверсітэта “Antonianum”, дырэктар дадатку “Жанчыны, Царква, свет” ватыканскага часопіса “L’Osservatore Romano”. У фільме асвятляецца роля жанчын у Касцёле праз сведчанні тых, хто займае высокія пасады ў органах Святога Прастола.

credo.pro; wiara.pl; pch24.pl