Варта ведаць (125)

Актуальна - Варта ведаць

☞ “Ecclesia Sponsae Imago” (“Вобраз Царквы-Нявес- ты”) – пад такой назвай у Ватыкане апублікавана інструкцыя аб кансэкраваных паннах. Дакумент, падрыхтаваны Кангрэгацыяй па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, закліканы дапамагчы лепш зразумець харызму гэтай формы манаскага жыцця, яе асаблівасці і багацце. Сёння кансэкраваныя панны прысутнічаюць у многіх дыяцэзіях на ўсіх кантынентах. Апошняя прыблізная статыстыка паказвала на існаванне прыкладна 5-ці тыс. такіх жанчын у свеце.

    ☞ Папа Францішак арганізаваў у Бары (Італія) сустрэчу на тэму будучыні хрысціян Блізкага Усходу. На яе былі скліканы прадстаўнікі ўсіх блізкаўсходніх Цэркваў. Гаворка ішла пра будучыню ўсяго рэгіёна, неад’емную частку якой складаюць паслядоўнікі Хрыста. Пасланне з Бары было таксама звернута да арабскага і мусульманскага свету, нагадвала пра важнасць хрысціян для пабудовы міру і справядлівасці ў рэгіёне.
   
   ☞ У семінарыі Маці Божай Гвадэлупскай у Дэнтоне (Небраска) новым генеральным настаяцелем Святарскага Брацтва Святога Пятра выбралі кс. Андрэя Камароўскага. Яго папярэднікам на гэтай пасадзе быў кс. Джон Берг. Кс. Андрэй уступіў у Міжнародную семінарыю св. Пятра ў Вігратцбадзе пасля заканчэння эканамічнага факультэта ў Познанскім універсітэце. З моманту пасвячэнняў, атрыманых у 2006 годзе, выконваў паслугу ў Польшчы, Бельгіі і Галандыі. З 2012 года быў асістэнтам генеральнага настаяцеля і як Галоўны стыпендыят служыў у французскамоўнай частцы Швейцарыі.
     
   ☞ 12 месцаў у Японіі, звязаных з гісторыяй праследавання хрысціян у XVII–XIX стст., прызнаны сусветнай спадчынай ЮНЕСКА. У гэты спіс увайшлі катэдральны сабор Нагасакі – найстаражытнейшая святыня ў Японіі, рэшткі замка Гара – месца паўстання католікаў у 1637 годзе, селішча Сакіцу, дзе хрысціяне падпольна практыкавалі і перадавалі сваю веру. Як адзначае арцыбіскуп Нагасакі Джозэф Міцуакі Такамі, такім чынам католікі Японіі атрымалі магчымасць для евангелізацыі.
   
   ☞ Тысячы аргенцінцаў маліліся ў нацыянальным марыйным санктуарыі ў Лухане, просячы, каб законапраект, які легалізуе аборты ў іх краіне, не быў зацверджаны. Згодна з прапанаванымі зменамі ў законе, кожная жанчына зможа зрабіць аборт ажно да 9-га месяца цяжарнасці, а непаўналетняя дзяўчына не будзе абавязана паведамляць аб гэтым учынку ні бацькам, ні ўладам. Праціўнікі законапраекта сцвярджаюць, што ён будзе дзейнічаць на карысць асобам, якія здзяйсняюць сексуальныя злачынствы. Калі закон будзе прыняты, Аргенціна стане першай краінай Паўднёвай Амерыкі, якая легалізавала аборт.

credo.pro; pch24.pl; niedziela.pl