Варта ведаць (120)

Актуальна - Варта ведаць

☞ Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі выдала новую інструкцыю па выкладанні кананічнага права ў царкоўных навучальных установах “Навучанне кананічнага права ў святле рэформы шлюбнага працэсу”. Яна дазваляе засноўваць дэпартаменты кананічнага права на тэалагічных факультэтах, кафедры кананічнага права на юрыдычных факультэтах у каталіцкіх універсітэтах, а таксама спрыяць вывучэнню кананічнага права на першым цыкле багаслоўя. Галоўная мэта – падтрымаць і паглыбіць юрыдычную культуру ў Касцёле. Навучальныя ўстановы павінны прыстасавацца да патрабаванняў новай інструкцыі ўжо з пачатку 2019–2020 н.г.

    ☞ Касцёле абвешчана новая бласлаўлёная. Ганна Хшаноўская нарадзілася ў 1902 годзе ў Польшчы. Атрымаўшы дыплом медсястры, стала інструктарам па сацыяльным доглядзе. Была галоўным рэдактарам часопіса “Польская медсястра” і актыўным членам Каталіцкай асацыяцыі польскіх медсясцёр. У ваенны час дапамагала бежанцам, перасяленцам, сіротам. На працягу некалькіх гадоў хварэла на рак, але не пакідала сваёй місіі. Нават калі была прыкавана хваробай да ложка, усё роўна працягвала працаваць па тэлефоне. Адышла ў вечнасць 29 красавіка 1973 года ў арэоле святасці. Цырымонія беатыфікацыі адбылася ў Кракаве. Яе ўзначаліў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах святых.
   
   ☞ Урачыстасць падзякі за 50 гадоў Неакатэхуменальнай дарогі адбылася ў Рыме. З гэтай нагоды на сустрэчу з папам Францішкам прыбыло каля 150-ці тысяч членаў гэтай супольнасці са 134-ох краін свету. Святы Айцец выразіў удзячнасць членам неакатэхумената за іх місійную дзейнасць. Напрыканцы Пантыфік уручыў крыжы 34-ом святарам, якія вырушаць з місіяй “ad gentes” па ўсяму свету. Разаслаў таксама групы місіянераў у некалькі дзесяткаў парафій Вечнага горада.
     
   ☞ У дыяцэзіі Макурдзі ў Нігерыі былі расстраляны ўдзельнікі ранішняй Эўхарыстыі. Загінулі 2 святары і 17 вернікаў. За нападамі стаяць пастухі з племені фулані, якія становяцца ўсё больш радыкальнымі. Многія з іх заключаюць дамовы з ісламістамі, што выклікае сур’ёзную трывогу Касцёла. Мясцовыя іерархі адзначаюць, што як хрысціяне адчуваюць сябе падманутымі дзяржавай, якая не можа гарантаваць жыхарам мінімальную бяспеку, і таму патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Махамаду Бухары.
   
   ☞ 33 новых рэкрутаў Швейцарскай гвардыі з 13-ці розных кантонаў Швейцарыі склалі ў Ватыкане прысягу. Ад імя Папы яе прынялі абп Георг Генсвайн, прэфект Папскага дома, і кс. Паола Борджа з Дзяржаўнага сакратарыяту Апостальскай Сталіцы. Швейцарская гвардыя з 1506 года ахоўвае Пантыфіка і Ватыкан. Спецыяльна навучаныя гвардзейцы спадарожнічаюць Папе ў замежных падарожжах як яго асабістая ахова.

credo.pro; gosc.pl; niedziela.pl