Варта ведаць (118)

Варта ведаць

☞ Святы Айцец Францішак прызначыў старшынёй Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў арцыбіскупа Філіпа Янонэ, які з мінулага года з’яўляўся дапаможным сакратаром узгаданай дыкастэрыі. Іерарх нарадзіўся ў Неапалі ў 1957 годзе. У 1976 – уступіў у Ордэн кармелітаў, у 1982 – атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным праве ў Папскім латэранскім універсітэце. У 2001 годзе быў прызначаны дапаможным біскупам Неапальскай архідыяцэзіі, у 2009 – біскупам дыяцэзіі Сора-Аквіна-Понтэкорва, у 2012 – віцэ-рэгентам Рымскай дыяцэзіі.

    ☞ Схоплены кс. Цэлесцін Нганга быў вызвалены пасля перамоў з выкрадальнікамі, якім выплацілі выкуп – паведамілі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Пробашча парафіі Карамбія схапілі ў Велікодную нядзелю пасля адпраўлення Эўхарыстыі ў адной з капліц, куды ксёндз прыязджаў з паслугай. Яго аўтамабіль спынілі па дарозе ўзброеныя мужчыны. Святара вывезлі ў невядомым напрамку, а вадзіцеля адпусцілі, загадваючы паведаміць аб здарэнні адпаведным касцёльным уладам.
   
   ☞ У ЗША красавік аб’яўлены Месяцам процідзеяння выкарыстанню дзяцей. Ва ўвядзенні да адпаведнага дакумента прэзідэнт Дональд Трамп адзначыў, што “ўсе дзеці – гэта бласлаўленне Творцы”, “ад зачацця яны адораны каштоўнасцю, мэтай і годнасцю чалавека”, і заклікаў суайчыннікаў далучыцца да іх абароны. Дарэчы, кіраўнік Злучаных Штатаў не ўпершыню выступае ў падтрымку ініцыятыў pro-life. У кастрычніку мінулага года Дэпартаментам аховы здароўя ЗША афіцыйна прызнана, што чалавечае жыццё пачынаецца ў момант зачацця.
     
   ☞ Да паломнікаў знакамітага шляху ў Санцьяга-дэ-Кампастэла (Іспанія) далучылася каралеўская сям’я Бельгіі. Да магілы св. апостала Якуба ідуць кароль Філіп І з жонкай Мацільдай, дзецьмі і групай сяброў. Штодня яны пераадольваюць 20–30 кіламетраў. Пілігрымка мае прыватны характар і адбываецца этапамі. Цяперашні этап сям’я скончыць ў мясцовасці Беларадо. Звычайна паломнікі пераадольваюць асобныя адрэзкі гэтага шляху ў дні, вольныя ад працы. Пераадоленне ўсяго шляху часам займае некалькі гадоў.
   
   ☞ У Польшчы каля 15-ці тысяч чалавек штогод упадаюць у кому. З іх каля 1,5 тысячы не атрымліваецца вывесці з дадзенага стану. У гэтую групу ўваходзяць пацыенты як у вегетатыўным стане, так і ў стане замкнёнасці, калі паралізаваныя ведаюць, што адбываецца вакол іх, але ніяк не могуць кантактаваць са светам. Навукоўцамі з Гданьскага палітэхнічнага ўніверсітэта створана CyberOko. Гэта прылада, якая з дапамогай камеры адсочвае рух вочнага яблыка, дзякуючы чаму пацыент можа “пісаць” паведамленні на маніторы.

credo.pro; niedziela.pl; be.radiovaticana.va