Варта ведаць (113)

Варта ведаць

☞ Згодна з артыкулам №3 motu proprio “Summorum Pontificum”, манаскі дом абацтва трапістаў у Марыавалд (Германія), які ў наступным годзе адзначыў бы 110-годдзе сваёй дзейнасці, будзе зачынены. Вета пагадненню паставіла ватыканская Кангрэгацыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Манахі трапяць у іншыя кляштары. Уся маёмасць, што належыць супольнасці, будзе перададзена дыяцэзіі ў Аквізгране. Абацтва трапістаў было адным з нешматлікіх у свеце, якое цэлебравала св. Імшу выключна ў духу традыцыі старога абраду Найсвяцейшай Ахвяры.

    ☞ Біскупы Іспаніі выразілі свой пратэст у сувязі з зацверджаным урадам Андалузіі законам аб роўнасці асоб ЛГБТ і іх сем’яў. Новае распараджэнне пагражае свабодзе думкі, сумлення, адукацыі і рэлігіі. Навязвае канкрэтнае ідэалагічнае бачанне чалавека, заклікае да ліквідацыі паняцця жанчыны і мужчыны, аддзялення тоеснасці ад цялеснасці. Біскупы заахвочваюць усіх – а асабліва хрысціян – прыняць актыўную пазіцыю адносна пагроз, якія стварае распаўсюджанне гендэрнай ідэалогіі.
   
   ☞ Святы Айцец Францішак удзяліў сакрамант шлюбу сцюарду і сцюардэсе на борце самалёта падчас палёту ў Ікіке (Чылі). Карлас Сюфардзі Элорыага і Паўла Падэста Руіс павінны былі ажаніцца ў касцёле, але землятрус знішчыў іх мясцовую святыню. Паколькі работнікі авіякампаніі паведамілі Папе, што маюць намер узяць касцёльны шлюб, ён адразу ж спытаў: “А чаму б вам не зрабіць гэта цяпер?”. І блаславіў іх сужэнскі саюз, дадаўшы: “Спадзяёмся, тое, што вы зрабілі, натхніць іншыя пары па ўсім свеце”.
     
   ☞ Хоспіс, разлічаны на 72 месцы, паўстане ў Варшаве (Польшча). Пра гэта паведаміў кусташ санктуарыя св. Айца Піо ў Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі кс. Анджэй Куфлікоўскі. Святар заўважыў, што сем’і нярэдка не могуць забяспечыць хворым пастаянны догляд. “Будаўніцтва такога месца ў спальным раёне – выхад, дзякуючы якому мы можам прыняць пакуты, хваробы і смерць, суправаджаючы бацькоў, дзядуль і бабуль у цяжкія для іх хвіліны”, – падкрэсліў кс. Анджэй.
   
   ☞ Арганізатары XXIII Алімпійскіх гульняў у Пхенчхан (Карэя) запрасілі каталіцкага святара на цырымонію адкрыцця, каб несці факел з Алімпійскім агнём. А. Вінчэнца Бардо OMI спачатку падумаў, што гэта памылка, таму што ён не карэец. Аднак пачуў у адказ: “Ідэя сёлетніх Гульняў – братэрства, таму прысутнасць святара вельмі ўзрадуе нас”. Місіянер-аблат апекуецца Цэнтрам дапамогі бедным у Сеуле. Славіцца пастырскай крэатыўнасцю. У Год міласэрнасці ён аб’ездзіў краіну аўтобусам, дзверы якога сталі Брамай Міласэрнасці.

gosc.pl; pch24.pl; credo.pro