Варта ведаць (112)

Варта ведаць

☞ Для папы Францішка прыярытэтамі ў 2018 годзе будуць правы і патрэбы імігрантаў і бежацаў, прысвечаны моладзі Сінод Біскупаў, а таксама далейшая рэструктурызацыя Рымскай курыі. Пантыфік вырушыць у 6-дзённае падарожжа ў Чылі і Перу. На сёння Апостальская Сталіца не пацвердзіла ніякіх іншых папскіх пілігрымак, запланаваных на бягучы год, хаця ватыканскія службовыя асобы паведамілі, што амаль дакладна Святы Айцец накіруецца ў Дублін пад канец жніўня на Сусветную сустрэчу сем’яў. Пацвердзілі таксама, што разглядаецца падарожжа ў Літву, Латвію і Эстонію. Не выключаюць і пілігрымкі ў Афрыку.

    ☞ Святы Айцец Францішак пабываў у адным з аддзяленняў ватыканскай педыятрычнай лякарні “Bambino Gesù” (“Дзіцятка Езус”), што размешчана ў прыморскім мястэчку Палідора. Пантыфік павітаўся з маленькімі пацыентамі, а таксама звярнуўся са словамі ўцехі да бацькоў, якія суправаджаюць сваіх дзяцей у балючых выпрабаваннях. У Палідора размешчана аддзяленне хуткай дапамогі і бальнічныя аддзяленні. Акрамя таго, тут аказваюцца медыцынскія паслугі ў рэжыме дзённага стацыянара і амбулаторныя працэдуры.
   
   ☞ Ажно 1,2 млн асоб прынялі ўдзел у арганізаваных у 644-ох польскіх мясцовасцях Шэсцях Трох Каралёў. Сёлетняму мерапрыемству спадарожнічаў збор пад дэвізам “Мудрацы для Усходу”. Даход будзе пералічаны на карысць навучальных устаноў ва Украіне і ў Літве, а таксама пляцоўкі, якая аказвае дапамогу маладым людзям з Усходу, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. Ідэя Шэсця Трох Каралёў вырасла з калядных містэрый, супольна падрыхтаваных вучнямі і бацькамі варшаўскай школы для хлопцаў “Żagle” (“Ветразі”).
     
   ☞ Біскупы ЗША вырашылі пачаць працэс беатыфікацыі Чорнага Лася (1863–1950 гг.) – легендарнага індзейца-дакота з племені сіу. У маладым узросце ён удзельнічаў у ваеннай бітве з амерыканцамі, выступаў у цыркавых прадстаўленнях. Спярша індзеец практыкаваў традыцыйныя вераванні: духоўнасць была паганская. Пасля смерці першай жонкі ён прыняў хрост у Касцёле і ўзяў сабе імя Нікалас. Катэхізаваў суайчыннікаў, прыводзячы іх сотнямі да хрышчэння.
   
   ☞ З 27 па 30 студзеня ва Украінскім каталіцкім універсітэце будзе праводзіцца школа “Львоў – горад дыялогу”. Яна пройдзе ў рамках магістарскай праграмы “Экуменічныя навукі: хрысціянства ў дыялогу з сусветнымі рэлігіямі, грамадствам і СМІ”. У плане прадугледжаны лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, абмеркаванні, экскурсіі і наведванне рэлігійных арганізацый. Мэта школы палягае на тым, каб пазнаёміць удзельнікаў з сітуацыяй хрысціянскага адзінства ва Украіне і, у прыватнасці, Львове. Арганізатар мерапрыемстваў – Інстытут экуменічных студый УКУ.

credo.pro; pch24.pl; niedziela.pl