Варта ведаць (106)

Варта ведаць

 Са згоды ватыканскай Кангрэгацыі па справах кананізацыі урна з целам св. Піо з Петрэльчыны будзе перанесена ў санктуарый Маці Божай Ласкавай у Сан-Джавані-Ратонда (Італія), дзе яна захоўвалася на працягу 42-ух гадоў пасля смерці святога ў 1968 годзе. Прычына ў тым, што ў зімовы перыяд пілігрымам складана дабрацца да новай базілікі пад тытулам стыгматыка, дзе урна была змешчана пад галоўным алтаром у 2008 годзе. Вяртанне рэліквій у санктуарый адбудзецца 26 лістапада. Яны застануцца там да V Нядзелі Вялікага посту 2018 года.

    Група католікаў з Чылі распачала малітоўную акцыю “Мільён Ружанцаў для Папы” ў намеры візіту Святога Айца Францішка, што запланаваны на студзень 2018 года. Адзін з яе арганізатараў Андрэс Хіменэс Петэрсан адзначыў, што ініцыятыва ўзнікла ў знак падзякі Богу за магчымасць прымаць у краіне Пантыфіка. “Гэтая кампанія таксама павінна прыгатаваць нашы сэрцы на прыняцце вучэння і сведчання веры, якія дае папа Францішак”, – сказаў ён. З апошнім Апостальскім візітам у Чылі быў 31 год таму папа Ян Павел ІІ.
   
     Новы “Цэнтр адзінокай маці” адкрыўся ў Кароцічы (Украіна). Праект рэалізаваны дзякуючы сумесным намаганням Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі і манахінь з Кангрэгацыі Малых Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці, якія апекуюцца маці, што апынуліся ў крызісных сітуацыях. Цэнтр створаны для таго, каб дапамагчы жанчынам адужэць, стаць на ногі, знайсці працу, пакуль іх дзеці падрастуць. Дом мае 3 паверхі, разлічаны на 12 пакояў. Гэта ўжо 2-гі цэнтр для адзінокіх маці, якім апекуюцца манахіні ў гэтай мясцовасці.
     
    У Лондане (Вялікабрытанія) манахіні з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці адкрылі рэстаран “NUNdos”, дзе можна паабедаць бясплатна. Аднак, каб скарыстасць з гэтай магчымасці, неабходна выканаць адну ўмову: адмовіцца ад гаджэтаў і мець зносіны з прысутнымі. Перад уваходам у рэстаран знаходзіцца спецыяльная скрыня, дзе на некаторы час можна пакінуць свой тэлефон ці планшэт. “Ежа для душы” – так манахіні назвалі дадзены праект. Пачаставацца бясплатным абедам у рэстаране можна з аўторка па чацвер з 11.30 да 20.00.
   
   • На даху закрыстыі катэдры Нотр-Дам у Парыжы (Францыя) функцыянуе пасека. “У гэтым годзе яна павінна прынесці 26 кг мёду, – гаворыць Нікаля Джэант, пчаляр які ёй займаецца. – Першая калонія пчол пасялілася тут 3 гады таму”. Спецыяліст заўважае, што на дахах будынкаў Парыжа існуе ўжо звыш 400 пасек. Тлумачыць, што “сталічныя” пчолы збіраюць нектар галоўным чынам з кветак, пасаджаных жыхарамі на балконах, а таксама з клумб у парках і скверах.

credo.pro; niedziela.pl deon.pl