Варта ведаць (104)

Варта ведаць

 Апублікаваны Апостальскі ліст папы Францішка “Summa famialiae cure” (“Больш клопату пра сям’ю”) у форме motu proprio (па сваёй волі). Ім абвяшчаецца аб стварэнні Папскага багаслоўскага інстытута аб сужэнцах і сям’і, які будзе насіць імя св. Яна Паўла II. Такім чынам Пантыфік рэарганізаваў ужо існуючы Інстытут даследаванняў шлюбу і сям’і пры Папскім Латэранскім універсітэце. Сфера дзейнасці закладзенай установы будзе пашырана, каб ахапіць як пастырскія задачы і царкоўныя місіі, так і гуманітарныя навукі і антрапалагічную культуру.

    Працягваецца беатыфікацыйны працэс Георга Ігната Спэнсэра, дзядзькі прынцэсы Дзіяны. Мужчына быў актыўным дзеячам экуменічнага дыялогу, нефармальным заступнікам англіканска-каталіцкага прымірэння. Нарадзіўся 22 снежня 1799 года ў сям’і арыстакрата. Пасля атрымання адукацыі паступіў у англіканскую семінарыю. Там прыняў пасвячэнні. Пазней адкрыў для сябе каталіцкую духоўнасць і пакінуў англіканскую Царкву. Вучыўся ў Рыме, затым быў пасвечаны на каталіцкага святара. Праз некаторы час уступіў у ордэн пасіяністаў. Маліўся за навяртанне Англіі. Памёр 1 кастрычніка 1864 года.
   
     Схоплены ісламістамі 1,5 гады таму індыйскі салезіянін кс. Том Ужуналіл – вызвалены. У сакавіку 2016 года група экстрэмістаў напала на дом састарэлых у Адэне (Емен), які ўтрымлівалі сёстры Місіянеркі Любові. Тэрарысты забілі 16 чалавек, у тым ліку 4 манахіні. За гэты час папа Францішак шматразова звяртаўся да вернікаў з заклікам аб малітве ў інтэнцыі салезіяніна. Апостальская Сталіца дзякуе ўсім, хто пасадзейнічаў вызваленню святара. Асаблівую ўдзячнасць Ватыкан склаў султану Амана і кампетэнтным уладам султаната.
     
    У Неапалі (Італія) паўтарыўся т. зв. цуд св. Януарыя, біскупа і мучаніка. Ён заключаецца ў растварэнні засохлай крыві, якую захоўваюць у ампулках. Цуд адбываецца 3 разы на год: ва ўспамін пакутніцкай смерці св. Януарыя 19 верасня, а таксама ў першую нядзелю мая і 16 снежня. Абвяшчаючы, што кроў стала вадкай, кардынал Крэшэнцыа Сэпэ падзякаваў Богу за тое, што “яшчэ раз аказаў сваю дабрыню”. У снежні мінулага года цуд не адбыўся, што некаторыя інтэрпрэтавалі як знак надыходзячага няшчасця.
   
   • У Польшчы выйшла ў абарот калекцыйная манета “100-годдзе Фацімскіх аб’яўленняў”. На аверсе адлюстравана выява 3-ох пастушкоў-візіянераў, якім аб’явілася Марыя. На рэверсе змешчана карона, якой увенчана скульптура Маці Божай у партугальскім санктуарыі, і лілея як сімвал чысціні і нявіннасці Найсвяцейшай Панны. Манету наміналам 10 злотых стварыла мастачка Уршуля Валежак. Грашовы знак выпушчаны накладам 25 тысяч штук.

credo.pro; pch24.pl; deon.pl