Варта ведаць (100)

Варта ведаць

 Ватыкан распрацоўвае праект экскамунікі за карупцыю і прыналежнасць да злачынных арганізацый, звязаных з мафіяй. Аб гэтым паведамляе распаўсюджаны праз прэс-бюро Апостальскай Сталіцы камунікат Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Адказны за гэтую справу кардынал Пітэр Тарксан патлумачыў, што карупцыя з’яўляецца крайне негатыўнай з’явай. “Нельга растоптваць, адмаўляць чалавечую годнасць ці ствараць ёй перашкоды. Таму наша дыкастэрыя хоча звярнуць увагу на гэтую праблему”, – падкрэсліў ён.

    Генеральны сакратарыят Сінода біскупаў паведаміў аб запуску сайта з нагоды падрыхтоўкі да XV Усеагульнай асамблеі, якая будзе праходзіць у кастрычніку 2018 года ў Ватыкане на тэму “Моладзь, вера і распазнаванне паклікання”. Сайт па адрасе youth.synod2018.va ужо даступны ў інтэрнэце. Зараз працуе яго італьянская версія. У бліжэйшы час там будзе змешчана апытанне для моладзі на розных мовах, прыняць удзел у якім можна да 30 лістапада бягучага года.
   
     Завяршылася XVIII Міжнародная выстава будаўніцтва і абсталявання касцёлаў, сакральнага мастацтва і дэвацыяналій “SACROEXPO”, якая праходзіла ў Кельцах (Польшча). На ёй па традыцыі шырока прэзентаваліся розныя галіны, звязаныя з жыццём Касцёла – духоўнасцю, навукай, культурай і са штодзённым функцыянаваннем святынь. У мерапрыемстве прынялі ўдзел 270 экспанентаў з 13-ці краін, галоўным чынам еўрапейскіх. “SACROEXPO 2017” наведала каля 5-ці тысяч чалавек, сярод якіх было нямала зацікаўленых святароў, архітэктараў, гісторыкаў мастацтва, вытворцаў абсталявання святынь, членаў парафіяльных рад, гаспадароў сакральных аб’ектаў і гандляроў.
     
    У Львове (Украіна) адбылася архірэйская хіратанія біскупа Эдварда Кава, якога ў маі бягучага года Святы Айцец Францішак прызначыў дапаможным біскупам Львоўскай архідыяцэзіі. Сёння 39-гадовы іерарх з’яўляецца самым маладым каталіцкім біскупам у свеце. Святарскія пасвячэнні ён прыняў у Санкт-Пецярбургу (Расія) у 2003 годзе. У наступныя гады служыў у розных парафіях Украіны, а таксама выконваў абавязкі настаяцеля манастыра ў Барыспалі і Львове.
   
   • Францысканцы святкуюць 800-годдзе службы ў Святой Зямлі. Брат Ілля з Картуны быў першым з іх, хто прыбыў у Сірыю ў 1217 годзе (праз 6 гадоў пасля заснавання ордэна). На аснове сваёй дзейнасці яго паслядоўнікі імкнуліся стварыць фарпост братэрства і міру на Блізкім Усходзе. І ў іх гэта атрымалася. Дагэтуль францысканцы застаюцца захавальнікамі найважнейшых святынь хрысціянства. Акрамя таго, працуюць у школах і дапамагаюць убогім. З нагоды юбілею ў кастрычніку бягучага года запланаваны 3-дзённая канферэнцыя і фестываль арганнай музыкі.

credo.pro; ekai.pl; niedziela.pl