Варта ведаць (94)

Варта ведаць

  Папа Францішак адмовіўся ад ганаровага дактарата (honoris causa) па медыцыне, які яму вырашыў даць універсітэт у Салерна (Італія). Такім чынам навучальная ўстанова пастанавіла ўшанаваць Пантыфіка за яго “агульнапрызнаныя здольнасці як лекара душ” і за тое, што з’яўляецца “знаўцам патрэб самых слабых і бедных”. Спасылаючыся на адказ з Ватыкана ад дзяржаўнага сакратара кардынала П’етра Параліна, мясцовыя СМІ патлумачылі такое рашэнне тым, што “Святы Айцец не прымае адрозненняў”.

    Адбудзецца кананізацыя бласлаўлёных Францішка і Гіяцынты Марто – малых пастушкоў, якім у 1917 годзе ў Фаціме з’яўлялася Маці Божая. Кангрэгацыя па справах кананізацыі са згоды папы Францішка абвясціла дэкрэт аб прызнанні цуду праз іх заступніцтва. Гэта адкрывае дарогу да кананізацыі дзяцей. Цяпер трэба чакаць абвяшчэння канкрэтных дат абраду. Невыключана, што кананізацыя магла б адбыцца ўжо 13 мая, падчас візіту Пантыфіка ў фацімскі санктуарый.
   
   • У касцёле св. Антонія Падуанскага ў Сакулцы (Польшча), дзе меў месца эўхарыстычны цуд, будзе зачытаны дэкрэт арцыбіскупа Эдуарда Азароўскага, Мітрапаліта Беластоцкага, у якім ён абвяшчае гэтую святыню санктуарыем. Такі статус нададзены, між іншым, у сувязі з вялікай колькасцю вернікаў, якія наведваюць касцёл і атрымліваюць тут ласкі фізічнага і духоўнага аздараўлення. Пілігрымы прыбываюць з розных куткоў Польшчы і нават свету – з такіх аддаленых краін, як Кітай, Інданэзія, Аргентына, Аўстралія і астравы Самоа. Колькасць ласкаў, што атрымліваюць вернікі, молячыся перад сакулкаўскай Гостыяй, увесь час узрастае.
     
    У Марктлі (Верхняя Баварыя) завяршаецца падрыхтоўка да святкавання 90-годдзя папы на пенсіі Бенедыкта XVI. Кожны год 16 красавіка дом, дзе нарадзіўся будучы Святы Айцец, пасля зімовага перапынку адчыніць свае дзверы. Гэта будзе таксама малы юбілей, паколькі ўжо на працягу 10-ці гадоў колішні прыватны будынак даступны для наведвальнікаў, а на працягу 40-ка гадоў сённяшні Папа на пенсіі з’яўляецца ганаровым грамадзянінам гэтага невялікага мястэчка. З моманту выбару кардынала Ёзафа Ратцынгера на Пасад св. Пятра, яго родны дом і парафія св. Освальда сталі месцам наведвання мноства турыстаў.
   
   • Рымска-каталіцкая парафія св. Яна Паўла II у Львове (Украіна) арганізавала для верных экстрэмальны Крыжовы шлях. У начны час удзельнікі ішлі праз лясную мясцовасць, вёскі, палі, захоўваючы маўчанне і разважаючы над Божым словам. Агульная працягласць маршрута склала каля 27 км. На яго адважыліся каля сотні чалавек ва ўзросце 13–60 гадоў. Падобнае мерапрыемства плануецца ў Львове таксама ў ноч з 21 на 22 красавіка.

credo-ua.org; pch24.pl; niedziela.pl