Варта ведаць (93)

Варта ведаць

 Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Цяперашні Апостальскі нунцый ва Украіне ў 2011–2015 гадах выконваў дыпламатычную місію ў Беларусі. Медаль прысуджаны з фармулёўкай “За значны асабісты ўклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ватыканам”, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

    84-гадовы кс. Франсіска Хаўер Аліварэс з дыяцэзіі Туй-Віга (Іспанія), нягледзячы на тое, што выйшаў на пенсію, працягвае сваю душпастырскую паслугу, але ўжо ў інтэрнэце. Вядзе 4 блогі, якія ў суме налічваюць каля 30 млн. наведванняў. Ён піша і збірае з іншых інтэрнэт-старонак навіны з каталіцкага свету, а таксама малітвы, што дапамагаюць перажываць літургічныя перыяды. Публікуе гаміліі, дакументы і іншыя матэрыялы, прызначаныя для святароў. Акрамя таго, актыўны ў сістэме WhatsApp: раніцай высылае разважанні, а вечарам біяграфію святога, успамін якога прыпадае на наступны дзень. Паведамленні атрымліваюць асобы, што загадзя згадзіліся на рассылку, ствараючы такім чынам “віртуальную парафію”. Хутка ксёндз адзначыць 60 гадоў святарства.
   
   • Публікацыі Слугі Божай с. Луцыі дос Сантас, адной з удзельніц марыйных аб’яўленняў з 1917 года, з’яўляюцца самымі папулярнымі на тэрыторыі санктуарыя ў Фаціме. Як падае лісабонскі штотыднёвік “Visão”, у мінулым годзе прададзена больш за 35,5 тыс. кніг аўтарства вядомай кармэліткі. Самая папулярная з іх – “Успаміны”. Вясной мінулага года фацімскі санктуарый апублікаваў новае, крытычнае выданне “Успамінаў” с. Луцыі. Кніга перакладзена на 19 моў.
     
     Пачынаючы з сакавіка, у Жэнеўскім універсітэце (Швейцарыя) выкладаецца каталіцкая тэалогія. Заняткі закранаюць спрэчныя пытанні ў галіне марыялогіі, эклезіялогіі, а таксама ласкі і апраўдання. Лекцыі праводзяць тэолагі з Ліёнскага каталіцкага ўніверсітэта (Францыя). Праграма на будучы семестр яшчэ знаходзіцца на стадыі разгляду. Магчыма, будуць уключаны дысцыпліны “Новы Запавет” і “Этыка”. Да гэтага часу ва ўніверсітэце выкладаліся тэмы, якія закраналі праваслаўе, юдаізм і іслам. Каталіцызм быў пад забаронай.
   
   • Адным з сэндвічаў у меню сеткі рэстаранаў “MCDonald’s” з’яўляецца “Філе-о-фіш”. Рыбны сэндвіч папулярны сярод кліентаў ужо шмат гадоў. Аднак мала хто ведае, што яго прыдумаў прадпрымальнік-католік Лу Гроен, які жадаў прапанаваць нешта поснае для наведвальнікаў “MCDonald’s” у пятніцу. Гісторыя адбылася ў далёкім 1962 годзе ў каталіцкім квартале Цынцынаці (ЗША). Сёння сэндвіч асабліва папулярны сярод людзей, якія не ядуць мяса або маюць якія-небудзь дыетычныя ці рэлігійныя абмежаванні.

credo-ua.org; pch24.pl; niedziela.pl