Варта ведаць (91)

Варта ведаць

 Упершыню ў гісторыі ў базіліцы св. Пятра ў Ватыкане будзе адпраўлена англіканскае набажэнства – Вячэрняя малітва, падобная на каталіцкія Нешпары. Літургію адправяць 13 сакавіка пры алтары рымскай катэдры. Згоду на дадзеную падзею выразіў архіпрэзбітэр базілікі кардынал Анджэла Камастры. Набажэнства будзе часткай святкавання 50-годдзя Англіканскага цэнтра ў Вечным Горадзе.

    Папа Францішак перадаў 200 тыс. еўра на патрэбы педыятрычнай клінікі ў Бангі (Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка), якую наведваў восенню 2015 года ў рамках апостальскага падарожа на Афрыканскі кантынент. Грашовыя сродкі былі сабраны ад продажу дыскаў з дакументальным фільмам “Адкрываючы Ватыканскія музеі”, знятага Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам. DVD-дыскі ва ўнікальным футляры выстаўляліся на аўкцыёнах у Лондане, Турыне, Мілане і Рыме. Дарэчы, гэта ўжо не першая дабрачынная ініцыятыва на карысць медыцынскай установы ў Бангі.
   
    Ва ўсходняй Ісландыі будуецца новая каталіцкая святыня, якую ўзводзяць славацкія капуцыны. Яна будзе выканана поўнасцю з дрэва, што паходзіць з радзімы гэтых манахаў. Разам з тым збіраюцца сродкі, неабходныя для пабудовы яшчэ аднаго касцёла ў паўднёвай частцы вострава. Неабходнасць узвядзення новых святынь вынікае з факту, што на працягу апошніх 10-ці гадоў колькасць католікаў у гэтай скандынаўскай краіне ўзрасла ў 3 разы. На дадзены момант іх у Ісландыі каля 14-ці тыс. і яны маюць там 6 парафій. Католікі складаюць 3,5% ад агульнай колькасці насельніцтва. У апошнія гады гэтая лічба павялічваецца.
     
     Метрапалітэн у Мадрыдзе (Іспанія) перадаў арганізацыі “Mensajeros de la Paz” (“Пасланцы Міру”) 5 тыс. білетаў для патрабуючых. Іх уручэнне адбылося ў касцёле св. Антонія, якім ужо 2 гады апекуюцца “пасланцы”. За гэты час святыня стала кропкай апоры для бяздомных, імігрантаў і жабракоў. “Мы вельмі ўдзячныя за гэтыя білеты, – гаворыць а. Анхель Гарсія, заснавальнік і кіраўнік «Mensajeros de la Paz». – Яны як чыстае золата для патрабуючых. Многія, хто не мае ніякага забеспячэння, павінны пераадольваць шмат кіламетраў, каб шукаць ежу ці вырашаць іншыя справы”.
   
    На французскім кніжным рынку з’явілася новая катэгорыя бестсэлераў – аўтабіяграфічныя апісанні вялікіх навяртанняў. На гэта звяртае ўвагу парыжская газета “La Croix”. Выданне акрэслівае некалькі агульных рыс такой літаратуры: асабісты крызіс аўтараў, пошук сэнсу жыцця або барацьбу з сумневамі. Прыняцце веры прыводзіць да поўнага адраджэння і перамены. На думку чытачоў, сведчанні “блудлівых сыноў” падбадзёрваюць, паказваючы сутнасць каталіцкай веры, тое, што ў ёй больш за ўсё прыцягвае.

credo-ua.org; pch24.pl; ekai.pl