Варта ведаць (85)

Актуальна - Варта ведаць

 Папа Францішак даў магчымасць усім святарам адпускаць грэх аборту. Тым самым Пантыфік працягнуў дазвол, які дзейнічаў на працягу Года Міласэрнасці. Ён паведаміў пра гэта ў Апостальскім лісце “Misericordia et Misera” (“Міласэрнасць і няшчасная”) з нагоды завяршэння Юбілею. У ім Святы Айцец падкрэсліў, што “аборт – гэта цяжкі грэх, паколькі абрывае нявіннае жыццё; аднак няма ніводнага граху, якога нельга было б ахапіць і знішчыць Божай міласэрнасцю”. Таму святары павінны стаць “правадырамі, умацаваннем і радасцю” для людзей, якія шкадуюць за зробленае і шукаюць шляху спалучэння з Айцом.

    У Касцёле будзе ўстаноўлены Сусветны дзень бедных. Датай абрана 33-я нядзеля звычайнага перыяду, перадапошняя ў літургічным годзе, якая папярэднічае святу Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Як падкрэсліў Пантыфік, “гэта павінна стаць годнай падрыхтоўкай да перажывання ўрачыстасці Пана, які атаясамліваў сябе з самымі мізэрнымі”. Дагэтуль у Касцёле не было такой падзеі ў календары ініцыятыў, якая б непасрэдным чынам адносілася да клопату пра ўбогіх.
   
    Пантыфік пакінуў адкрытымі Святыя дзверы ў санктуарыі Бога Айца Міласэрнага ў Запарожжы (Украіна). Пакуль што гэтая падзея бестэрміновая. Рашэнне Апостальскай Сталіцы перадаў вернікам нунцый ва Украіне абп Клаўдыа Гуджэроці. Падчас нядаўняй сумеснай сустрэчы са сваім пасланнікам Святы Айцец зазначыў, што гэтая краіна займае ў яго сэрцы асаблівае месца. Папа штодня моліцца за яе прагрэс і суцяшэнне для патрабуючых.
     
    У апольскую курыю (Польшча) былі перададзены лісты падтрымкі, каб распачаць беатыфікацыйны працэс біскупа Юзафа Натана, заснавальніка “Мястэчка міласэрнасці” ў Браніцах. Больш за 10 000 чалавек выказаліся ў падтрымку ідэі. Ініцыятары прызналі, што святар “насуперак неспрыяльным сацыяльным, эканамічным і палітычным умовам рэалізваў сваё пакліканне, несучы духоўную, медыцынскую і матэрыяльную дапамогу даручанаму яго апецы люду, а асабліва тым, кім больш за ўсё пагарджалі і каго адштурхоўвалі”. Біскуп адышоў у жыццё вечнае 8 лістапада 2014 года.
   
    Ужо ў 30-ты раз загарэўся Бэтлеемскі агонь супакою. Як і ў мінулых гадах, агонь ад алейнай лямпы, якая вісіць у Гроце над срэбнай зоркай, што азначае месца нараджэння Езуса, запаліў праваслаўны манах. Затым яго перанеслі ў суседнюю з Бэтлеемам каталіцкую парафію ў Бэйт-Сахур, а потым даставілі ў Аўстрыю. Адтуль Бэтлеемскі агонь супакою трапіць у больш за 30 еўрапейскіх краін, а таксама на амерыканскі кантынент. Перадача яго дэлегацыям скаўтаў з розных краін адбудзецца ў рамках экуменічнага набажэнства ў Вене 10 снежня.

niedziela.pl; credo-ua.org