Варта ведаць (80)

Актуальна - Варта ведаць

•   Папа Францішак удзяліў сакрамант канфірмацыі цяжка хвораму 16-гадоваму юнаку Джузэпэ Кьёла. Цырымонія прайшла пасля агульнай аўдыенцыі, якую Пантыфік праводзіў на галоўнай ватыканскай плошчы ў межах Юбілею міласэрнасці. Падзея стала магчымай пасля таго, як хлопец напісаў ліст да Святога Айца, у якім распавёў пра сваё жаданне сустрэцца з ім. Пасля ўдзялення сакраманту Папа падарыў Джузэпэ ружанец і папрасіў не забываць маліцца за яго.

    Былы дзяржсакратар Апостальскай Сталіцы кард. Тарчызіа Бертонэ ў лацінскай катэдры ў Львове ўзначаліў урачыстасці з нагоды 25-годдзя аднаўлення структур каталіцкага Касцёла ва Украіне. Кардынал выразіў удзячнасць святарам, манахам і манахіням, а таксама сем’ям, якія перадалі веру дзецям і ўнукам. Пасля ўрачыстай св. Імшы ў межах святкавання юбілею кард. Бертонэ асвяціў адкрыты ў Бжухавіцах каля Львова Дом апекі св. Зыгмунта Гараздоўскага, у якім будуць клапаціцца аб пажылых і хворых людзях, а таксама святарах на пенсіі.
   
    У Расіі назіраецца раптоўны рост зацікаўленасці пілігрымкамі і рэлігійным турызмам. Аб гэтым паведаміла віцэміністр культуры Расійскай Федэрацыі Ала Манілава. Яна сцвярджае, што расійскія ўлады павінны адказаць на гэтую з’яву, прапануючы адпаведныя формы рэалізацыі пілігрымак у месцы рэлігійнага культу і да помнікаў духоўнай гісторыі краіны. З гэтай мэтай у Міністэрстве культуры была сазвана спецыяльная рабочая група.
     
    Каталіцкія СМІ інфармуюць, што колькасць святарскіх пасвячэнняў у Германіі памяншаецца з неймавернай хуткасцю. Калі ў 1965 годзе іх было 500, у 2005 годзе – 122, то за 10 гадоў гэтая лічба паменшылася яшчэ двойчы. У бягучым годзе пасвячэнне прынялі толькі 58 мужчын. Нямецкі епіскапат спрабуе адказаць на крызіс стварэннем большых парафій. У паслузе ўсё часцей дапамагаюць святары з-за мяжы. У гэтых адносінах рэкорд належыць дыяцэзіі Ротэнбург-Штутгарт, дзе ажно 30% святароў прыехалі з іншых краін.
   
    У пачатку верасня ў Мадрыдзе (Іспанія) памёр заснавальнік і дзеяч pro-life арганізацыі Рафаэль Лазана. Дзякуючы яму быў створаны прытулак “Red Madre”, дапамогай якога скарысталіся 40 тыс. цяжарных і адзінокіх жанчын, страціўшых надзею. З 2005 года Лазана арганізоўваў шматлікія маніфесты pro-life на вуліцах іспанскіх гарадоў. Быў каардынатарам Цэнтра сямейнай фармацыі ім. Яна Паўла II. Меў шасцярых дзяцей. “Рафаэль годна абараняў свае ідэі, але нікому не навязваў асабістых поглядаў”, – успамінае яго паслядоўнік Зянон.

credo-ua.org; pch24.pl; ekai.pl; be.radiovaticana.val