Вазьмі Бога на вакацыі!

Хрысціянская думка

Вакацыі – час адпачынку, расслаблення, паездак і водпускаў, аб якіх марым, якіх прагнем. Гэта моманты, вольныя ад працы, ад спешкі, ліхаманкі і захопленасці сотнямі паўсядзённых спраў. Вакацыі – такая доўгачаканая пара, бо можна нарэшце дазволіць сабе паленавацца і адкласці абавязкі на потым. Праца можа пачакаць, таму што кожны заслугоўвае адпачынку.
Адпускныя прапановы турыстычных агенцтваў, нягледзячы на пандэмію, якая пануе навокал, заахвочваюць і прывабліваюць каляровымі здымкамі з найпрыгажэйшых куткоў свету. Многія людзі раздумваюць, што з тых прывабных прапаноў выбраць.
    Аднак ці сярод прагляду турыстычных афертаў, пакавання чамаданаў, заплечнікаў, а таксама надзеі, што надвор’е будзе добрым, узнікае пытанне пра Бога? Ці не спрабуем мы адсунуць Яго на другі план? “Бог? Пачакае! Не ўцячэ ж Ён з касцёла!”
    І сапраўды... Бог чакае! Чакае тых, каму здаецца, што Ён ім не патрэбны, тых, хто адмаўляе Яго існаванне, і нават тых, хто забывае, што ад Бога няма адпачынку. Ён чакае і ў прыдарожнай капліцы, і ў невялічкім вясковым драўляным касцёле, і ў сустрэтым чалавеку. Ён прамаўляе да нашых вачэй прыгажосцю пейзажаў. Усюды, дзе мы вандруем па вакацыйных маршрутах, чакае Бог.
    Творца не медыйная асоба. Ён не змяшчае сябе на вялізным білбордзе і ніколі не навязваецца людзям. Ён проста ёсць. Заўсёды побач, заўсёды блізка, заўсёды прысутны. Не дазволім, каб у час канікул адзінокі Хрыстос дарэмна чакаў сустрэчы ў Эўхарыстыі, сакраманце пакаяння і паяднання, у малітве і ў падзяцы за прыгажосць створанага свету.
    Вакацыі – гэта дар Нябеснага Айца кожнаму чалавеку, незалежна ад таго, колькі яму гадоў. Дык няхай гэты дар будзе правільна намі выкарыстаны. Няхай час адпачынку прынясе ў нашы жыцці плён Божай ласкі, каб мы зноў адчулі сябе любімымі Богам, які жадае нашага дабра і шчасця.
   
Малітва на канікулы

    Пане, навучы мяне добра адпачываць і праводзіць вольны час. Я прашу Цябе аб здольнасці бачыць прыгажосць прыроды, цудоўнасць жывёл, каб я зноў навучыўся захапляцца навакольным светам.
    Пане, блаславі ўсіх, хто выязджае на адпачынак, каб выдатна правялі гэты час. Дзякуй, што не забываеш усіх тых, хто не можа выехаць з-за недахопу сродкаў альбо хваробы. Пане, змілуйся над намі і ўчыні, каб людзі былі добрымі адзін да аднаго. Амэн.