Выбудаваць еднасць з акружаючымі

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
   Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра еднасць паміж людзьмі і адзінства паслядоўнікаў Хрыста. Задумаемся, навошта ў зносінах шукаць кропкі судакранання і калі разнастайнасць з’яўляецца выключным багаццем.
   Наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на правіны людзей, і даў нам слова паяднання” (2 Кар 5, 19)
   Смерць на крыжы Божага Сына прымірыла чалавека са Стварыцелем. Грахі перасталі быць безнадзейнай перашкодай на шляху да асягнення вечнага шчасця, бо Хрыстос узяў іх на сябе, прыбіўшы людскія правіны цвікамі да дрэва. З таго моманту кожны веруючы пакліканы да нястомнага абвяшчэння гэтай праўды іншым, каб разам будаваць Божае Валадарства як на зямлі, так і на небе.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб усе хрысціяне, захоўваючы вернасць вучэнню Пана, праз малітву і братэрскую любоў спрыялі вяртанню поўнай еднасці Касцёла і супрацоўнічалі, змагаючыся з сучаснымі выклікамі, якія стаяць перад чалавецтвам
   Папа Францішак часта гаворыць аб экуменічным супрацоўніцтве і намаганнях па аднаўленні поўнага адзінства ўсіх паслядоўнікаў Хрыста. Пантыфік падкрэслівае, што розныя звычаі, якія склаліся ў хрысціянскім свеце (калі яны сапраўды караняцца ў апостальскай традыцыі), з’яўляюцца багаццем, а не пагрозай для адзінства Касцёла. Каб разнастайнасць не прыводзіла да канфлікту, неабходна дазволіць кіраваць Святому Духу. І тады хрысціянскія супольнасці будуць не канкурыраваць, а супрацоўнічаць паміж сабой.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    еднасць
   Не заўсёды быць разам – значыць утвараць еднасць. Напрыклад, жыхары адной дзяржавы могуць не адчуваць цэласнасці як грамадзяне. Тое самае часам назіраецца і ў сем’ях. Людзі, якія жывуць пад адным дахам і складаюць адну ячэйку грамадства, не ведаюць, пра што пагаварыць за вячэрай. Еднасць – гэта ўнутраная сувязная сіла, якая аб’ядноўвае на вышэйшым духоўным узроўні. Яна робіць асобу ўстойлівай да цяжкасцей з-за агульнасці мэты, інтарэсаў з іншымі людзьмі, гатовымі яе падтрымаць.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   выбудаваць еднасць з акружаючымі
   Такі намер наблізіць згоду і дапаможа лепшаму ўзаемаразуменню з тымі, хто побач. Як гэта належным чынам рэалізаваць? Вядома, каб пабудова была моцнай і трывалай, неабходна закласці добры падмурак. Інакш узвядзенне сцен або спробы “навесці прыгажосць” акажуцца няўдалымі. Такім чынам, будаванне еднасці павінна засноўвацца на ўсведамленні і прыняцці таго, што ўсе людзі на планеце аднолькава любімыя Богам, з-за чаго варта паважаць другога і трымацца з ім поруч. Да таго ж, адкрытасць на бліжняга прадстаўляе ўнікальную магчымасць зірнуць у вочы Усемагутнаму.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
   “намацаць” кропкі судакранання
   Магчыма, няпроста трымацца фундаментальных рэчаў – прасцей знайсці сумежныя пункты, дзякуючы якім у зносінах захоўваецца раўнавага. Для будавання еднасці з людзьмі можна паспрабаваць пашукаць тыя моманты, якія аб’ядноўваюць. У выпадку з роднымі гэта могуць быць сямейныя традыцыі, са знаёмымі – інтарэсы ці заняткі, з незнаёмымі цікавы сам пошук агульных кропак судакранання. Усё гэта спрыяе наладжванню больш цесных сувязей паміж людзьмі і паступоваму спасціжэнню кожным праўды аб тым, што, нягледзячы на шматлікія адрозненні і непадабенства, усе ўваходзяць у адну вялікую сям’ю дзяцей Божых.
 
КНІГА МЕСЯЦА:

  “Крыж і філасофія. Сэнс хрысціянства і праблема адзінства”, арцыбіскуп Ёзэф Барон
   Дадзенае выданне з’яўляецца выніковай часткай трылогіі аб Крыжы. У першым томе – “Крыж і Хрысціянства” – разглядаецца агульнае кола пытанняў, у другім – “Крыж і Дыялог” – характарызуецца экуменізм. Аўтар выказвае спадзяванні, што і трэцяя частка – “Крыж і філасофія” – не пакіне чытачоў абыякавымі ў духоўных пошуках. У кнізе закранаюцца адносіны багаслоўя і філасофіі, пытанні метафізікі і гісторыі, рацыянальна-лагічныя сувязі і духоўна-экзістэнцыяльныя. Праца з’яўляецца спробай сістэматызаваць тэму Крыжа, распачатую аўтарамі Новага Запавету, якая працягваецца аж да сённяшняга дня.
   
Прашу апісаць гісторыю папства св. Фабіяна. Брат маёй мамы носіць імя гэтага мучаніка. Хацелася б падрабязней пра яго даведацца. Парафіянка з касцёла св. Казіміра ў Ліпнішках
   

 ПЕСНЯ МЕСЯЦА:

   “У Хрысце адна сям’я”, Валерый Корап
   ““Азірніся вакол сябе, гэта ўсё твае сябры...”, – распачынае песню выканаўца. Нагадвае аб тым, што “адзін для аднаго ты і я ў Хрысце адна сям’я”. Запэўнівае, што Бог любіць усіх без выключэння, напаўняючы душы людзей Святым Духам. “Ты мой брат, а ты – сястра ад Нябеснага Айца. Ласка на нас Хрыста, і не будзе ёй канца”.

АСОБА МЕСЯЦА:
    св. Фабіян
   Паходзіць са старажытнага рымскага роду. Уступіў на папскі трон у 236 годзе. Яго выбару, відавочна, паспрыяў Божы Провід. Калі вырашалася, каго выбраць на пасаду намесніка Хрыста, над галавой Фабіяна ўзляцеў голуб. Гэты знак прызналі цудоўным.
    Фабіян кіраваў Касцёлам на працягу 14-ці гадоў. За гэты час ён упарадкаваў рымскія могілкі, арганізаваўшы на іх сталую адміністрацыю, прызначыў духоўных асоб, каб запісваць і збіраць дакументы, што датычацца мучанікаў, усталяваў штогадовае асвячэнне алеяў, якія ўжываюцца падчас цэлебрацыі сакрамантаў.
    Як пастыр усяго Касцёла клапаціўся аб захаванні паслушэнства і чыстых звычаяў сярод духавенства і вернікаў. Навярнуў многіх да Хрыста. Існуе легенда, што ён хрысціў імператара Філіпа I (244–249), звернутага да Хрыста сенатарам Понціем.
    Падчас праследавання хрысціян у гады панавання імператара Дэцыя (249–251) папа Фабіян быў арыштаваны і замучаны 20 студзеня 250 года. Акалічнасці яго мучаніцтва невядомыя. У 1854 го- дзе падчас даследавання катакомбаў св. Каліста археолагі знайшлі надмагільную пліту з імем Фабіяна. Мошчы святога спачываюць у Рыме, у царкве св. Пракседы.
   
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў студзені?
    Св. Генавефа (3 студзеня),
    св. Анжэла (4 студзеня),
    св. Раймунд (7 студзеня),
    св. Адрыян (9 студзеня),
    св. Аркадзій (12 студзеня),
    св. Антоній (17 студзеня),
    св. Фабіян (20 студзеня),
    св. Агнешка (21 студзеня),
    св. Лаўра (23 студзеня),
    св. Францішак (24 студзеня),
    св. Гіяцынта (30 студзеня).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце ў рэдакцыю або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .