Стаць героем нашага часу

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары паразважаем пра супрацьстаянне дабра і зла, узбраенне верніка і подзвігі, на якія ён можа быць здольны. Задумаемся, з-за чаго не трэба складваць зброю і чаму сорамна хавацца за камуфляжам звычайнага чалавека.
   Наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Зброя змагання нашага не цялесная, але моцная Богам на руйнаванне цвярдыняў, руйнуючы задумы і ўсякае ўзвышэнне, што паўстае супраць пазнання Божага, і беручы ў палон усякую думку для паслухмянасці Хрысту” (2 Кар 10, 4–5)
   Усё плоцкае – слабое, немачнае. Сапраўдная сіла – у Святым Духу. З Богам можна забыцца пра якія заўгодна цяжкасці і пераадолець любыя перашкоды. Але каб жыць з такой мужнасцю, неабходна, перш за ўсё, дабравольна прыняць гэтую ісціну. Па ўласным жаданні “здацца ў палон” Божай любові, каб паступова вызваліцца ад схільнасці да злога.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб ва ўсіх краінах знікла бедства, якім з’яўляецца вербаванне дзяцей-салдат
   У сённяшнім свеце, насычаным разнастайнымі непаразуменнямі, зацікаўленыя людзі выкарыстоўваюць любыя сродкі, каб дасягнуць пераможнага фіналу. У некаторых краінах для вырашэння ўзброеных канфлікатаў наймаюцца дзеці. У лепшым выпадку псіхіка маладых людзей парушаецца, у горшым – дзеці пазбаўляюцца жыцця. Папа Францішак заклікае католікаў свету маліцца ў інтэнцыі знікнення такога бедства ў свеце.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    змаганне
   У жыцці назіраецца пастаяннае супрацьстаянне дабра і зла. І кожны ў праве выбіраць, чаму прысягаць і каму служыць. Тыя, хто змагаюцца на цёмным баку, разлічваюць на поспех памылкова: дабро ў выніку ўсё роўна пераможа. І яно ніколі не бывае марным, што можа быць заўважна не адразу. А чалавек з-за гэтага часта, на жаль, расчароўваецца і складае зброю: навошта ўсё? Варта захоўваць спакой і раўнавагу, не здавацца і памятаць пра трыумф у вечнасці.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
   стаць героем нашага часу
   Гучыць крыху дзіўна, але сучасны герой – гэта чалавек, які не робіць нейкіх выключных рэчаў, а проста імкнецца не прычыняцца да злога. Сёння гэтага дастаткова, каб выглядаць у вачах іншых асобай з выключнай адвагай і доблесцю. Тым самым “герой” захоўвае ў спакоі сумленне і праз свае паводзіны падае бліжнім прыклад.
    Доля змагання ў жыцці такога чалавека ўсё роўна прысутнічае. Ён нястомна супрацьстаіць спакушэнню, граху. Але заўсёды памятае пра Хрыстовую армію, да якой належыць, і шчыт, якім з’яўляецца малітва.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
    здзейсніць подзвіг, не чакаючы ўзнагароды
   Як ужо можна здагадацца з папярэдняга выказвання, подзвіг хрысціяніна не з’яўляецца чымсьці недасягальным. Гэта можа быць звычайная дробязь, зробленая ад шчырага сэрца, сапраўднае значэнне якой вядомае толькі Богу. Як вымяраецца шчырасць? Чалавек нічога не чакае ўзамен.
    Некаторыя хрысціяне надзяваюць у жыцці “камуфляж”, бо сведчыць пра ўваскрослага Езуса сваімі ўчынкамі бывае нязручна, няёмка. І быццам вернік, але паводзіны дэманструюць адваротнае. Добрыя справы належыць здзяйсняць з пачуцця доўгу перад Айцом, які дазволіў апынуцца ў дадзеных абставінах.
 
КНІГА МЕСЯЦА:

  “Госпад – воін моцны” , Ульф Экман
   Аўтар разважае пра духоўную барацьбу, адказнасць і абарону. Разглядае страх у якасці ворага чалавека. Падрабязна спыняецца на моманце ўзбраення верніка. Вылучае шлем выратавання, браню праведнасці, абутак гатоўнасці ісці і дабравесціць, шчыт веры, меч духоўнасці і пояс ісціны. Усё гэта павінна зрабіць хрысціяніна цярплівым воінам, здольным перамагаць сілай Бога, адчуваць радасць у бітве, бачыць мноства выратаваных і змененых людзей.

 ПЕСНЯ МЕСЯЦА:

   “Героі веры”, Вольга Андрашчук
   “Гісторыя наша таямніцу стагоддзяў захоўвае аб подзвігах смелых нашых герояў веры...”, – распачынае песню выканаўца. Указвае на іх вернасць і галоўнае, чым жылі вызнаўцы Хрыста – “не загубіць ворагу душы”. У прыпеве спявачка некалькі разоў паўтарае, што Хрыстовая армія атрымлівае ўзнагароду, але “не тут – на нябёсах, дзе Айцоўскі дом”. Сцвярджае, што Бог усё бачыць, “не дрэмле, не спіць”.

АСОБА МЕСЯЦА:
    св. Кацярына Лабурэ
   Нарадзілася ў 1806 годзе ў Фен-ле-Муцье (Францыя). Выхоўвалася ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Ніколі не хадзіла ў школу. Пасля смерці маці дапамагала па гаспадарцы. Ва ўзросце 20-ці гадоў хацела пайсці за старэйшай сястрой у манастыр. Але бацька быў супраць жадання дачкі і адправіў яе да сваякоў у Парыж. Там дзяўчына дапамагала ў рэстаране.
    Сваёй рашучасцю яна нарэшце зламала супраціўленне сям’і і ў 1830 годзе далучылася да супольнасці шарытак. Кожны дзень служыла пры хворых. У 1835 годзе склала вечныя манаскія абяцанні.
    Ужо ў навіцыяце духоўнае жыццё Кацярыны дасягнула вяршыні дасканаласці. У яе было шмат містычных уздымаў і бачанняў. Самае вядомае адбылося 27 лістапада 1830 года. Маці Божая аб’явіла ёй цудоўны медалік і наказала яго распаўсюджваць, пакінуўшы таксама абяцанне спасылаць шчодрыя ласкі на тых, хто будзе насіць гэты медалік. З той пары ён шырока распаўсюджаны і на нашых землях.
    Памерла 31 снежня 1876 года. Беатыфікаваў яе папа Пій XI у 1933 годзе, кананізаваў папа Пій XII у 1947 годзе. Успамін – 31 снежня.
   
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў снежні?
    св. Элігій (1 снежня),
    св. Францішак (3 снежня),
    св. Барбара (4 снежня),
    св. Мікалай (6 снежня),
    св. Леакадзія (9 снежня),
    св. Люцыя (13 снежня),
    св. Элеанора (19 снежня),
    св. Пётр (21 снежня),
    св. Вікторыя (23 снежня),
    св. Ян (27 снежня),
    св. Кацярына (31 снежня).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце ў рэдакцыю або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .