Дасягнуць высокага самакантролю

Роздум - На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра самавалоданне, свядомы выбар і ўмовы поспеху. Намалюем партрэт пераможцы і распішам графік трэніровак для ўдасканалення сілы волі.
   Наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Што горад разбураны, без мура, тое чалавек, які не валодае духам сваім” (Прып 25, 28)
   У Святым Пісанні гаворыцца, што той, хто лёгка паддаецца ўплыву звонку, падобны да горада з разбуранымі сценамі. Адсутнасць мура робіць горад безабаронным, і дазваляе ворагу лёгка завалодаць ім. Мяжой ад згубных уздзеянняў павінна быць стрыманасць, да якой чалавек мусіць імкнуцца.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб спорт быў нагодай для брацкіх сустрэч паміж народамі і ўносіў свой уклад у справу міру ва ўсім свеце
   На адной з агульных аўдыенцый папа Францішак падкрэсліў, што спорт з’яўляецца ўніверсальнай мовай, якая збліжае народы, і заклікаў вернікаў успрымаць спорт як “практыкаванне ў дабрачыннасці ў працэсе цэласнага развіцця людзей і супольнасцей”. Падчас правядзення Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра Пантыфік заахвочвае католікаў свету маліцца ў інтэнцыі наладжвання праз спорт добрых зносін паміж людзьмі.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    перамога
   Спорт, таксама як і хрысціянскае жыццё, уяўляе сабой барацьбу. А ў гэтай справе, каб перамагчы, галоўнае – не здавацца. Адметна, што любая перамога – гэта, перш за ўсё, перамога над самім сабой. Таму варта навучыцца ў спартсмена такім важным і неабходным якасцям, як упартасць, стараннасць, арганізаванасць, дысцыпліна. Усе гэтыя рысы малююць партрэт пераможцы.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
    дасягнуць высокага самакантролю
   Часта чалавекам кіруюць жаданні, спакусы, інстынкты, звычкі і г. д. Пад іх уладай асоба становіцца марыянеткай, не здольнай рабіць свядомы выбар. Самакантроль жа дазваляе дзейнічаць асэнсавана і мэтанакіравана, што дапамагае чалавеку дасягнуць максімальна магчымых вынікаў. У кагосьці гэтая якасць слаба выражана, у кагосьці – мацней. Каб падняцца на высокі ўзровень, неабходна нястомна практыкаваць яе ў жыцці.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
    трэніраваць сілу волі
   Сіла волі не можа ўзнікнуць на роўным месцы. Гэта рыса характару, якая выпрацоўваецца шляхам шматлікіх трэніровак. Варта штодня ставіць перад сабой новыя задачы. Напрыклад, прачнуцца раней, каб больш часу адвесці на малітву, або прысвяціць дададковы дзень для посту ў пэўнай інтэнцыі. На волі асноўваецца самакантроль, дзякуючы якому нараджаецца свабода ад знешніх абмежаванняў, упэўненасць ва ўласных сілах, здольнасцях і розуме.
 
КНІГА МЕСЯЦА:

  “Пераможцы ніколі не здаюцца”, Эдвін Коўл
   З дапамогай гэтай кнігі Вы навучыцеся перамагаць, давяраючы ўсе свае цяжкасці Богу. Папулярны хрысціянскі аўтар Эдвін Коўл апісвае прынцыпы суадносін паміж мерай чалавечай адказнасці і Божым промыслам, прапануе дзейсныя парады і біблейскія ісціны, якія датычаць паводзін у перыяд перамен і крызісаў. Распавядае, як не саступіць жаданню “апусціць рукі” і мужна пераадолець перашкоды.

 ПЕСНЯ МЕСЯЦА:

   “Не здавайся”, гурт “Яны”
   Каб выстаяць у жыццёвай барацьбе, неабходна падтрымка Хрыста. У песні гучыць заклік: “Не магу без Цябе, Езус, дапамажы!”. Мінорныя куплеты пра адсутнасць жадання і сіл змяняюцца мажорным прыпевам: “Не здавайся! Не журыся! І калі раптам упаў, то ўставай!”. Выканаўца скіроўвае позірк слухача ў нябёсы, каб растварыцца ў айцоўскай любові.

АСОБА МЕСЯЦА:

    святы Раймунд
   Нарадзіўся ў 1200 годзе ў мясцовасці Портэль (Іспанія) у дваранскай сям’і. З-за таго, што з’явіўся на свет хірургічным шляхам, яго назвалі Ноннатус (Ненароджаны). У 24-гадовым узросце ўступіў у манаскую супольнасць мерседарыяў – Ордэн Найсвяцейшай Панны Марыі Міласэрнасці для Выкупу Нявольнікаў.
    Быў высланы ў Альгерыю, каб вызваляць хрысціян з арабскай няволі. Пасля таго, як сродкі скончыліся, ён вырашыў сам застацца ў якасці нявольніка ўзамен за аднаго з палонных. Каб манах не пачаў прапаведаваць, яму прабілі вусны і павесілі на рот замок.
    У 1239 годзе ордэн мерседарыяў выкупіў яго з палону, і Раймунд вярнуўся ў Іспанію. Папа Рыгор ІХ ва ўзнагароду надаў вызваленаму тытул кардынала. Набытыя ў няволі хваробы і агульнае аслабленне арганізма сталі прычынай таго, што Раймунд памёр 31 жніўня 1240 года. Быў пахаваны ў Барселоне. Кананізаваны папам Аляксандрам VII у 1657 годзе. З’яўляецца заступнікам парадзіх, немаўлят, акушэраў.
   
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў жніўні?
   Св. Ян (4 жніўня),
    св. Дамінік (8 жніўня),
    св. Філамена (10 жніўня),
    св. Клара (11 жніўня),
    св. Максімільян (14 жніўня),
    св. Стэфан (16 жніўня),
    св. Алена (18 жніўня),
    св. Ружа (23 жніўня),
    св. Юзаф (25 жніўня),
    св. Аўгусцін (28 жніўня),
    св. Раймунд (31 жніўня).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце ў рэдакцыю або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .