З каталіцкіх СМІ Беларусі (15)

Прэса

Інтэрнэт-партал Касцёла ў Беларусі
   Напрыканцы мая 8 беларускіх святароў-байкераў здзейснілі пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе. Свой шлях і малітву ксяндзы ахвяравалі ў інтэнцыі адбудовы касцёла, які быў пашкоджаны ў выніку пажару 11 мая. У Доме пілігрыма, дзе цяпер моляцца вернікі Будслава, святары канцэлебравалі св. Эўхарыстыю.
    Пілігрымы-байкеры сустрэліся з пробашчам будслаўскай парафіі кс. Дзмітрыем Дубовікам, каб выказаць яму словы падтрымкі і сваю гатоўнасць дапамагчы. Святары таксама прывезлі ахвяраванні, якія сабралі ў сваіх парафіях 23 мая – у дзень, калі ва ўсіх касцёлах і парафіяльных супольнасцях Беларусі збіраліся ахвяраванні на адбудову будслаўскага касцёла.

газета Віцебскай дыяцэзіі    На завяршэнне навучальнага года ў Віцебскай катэдры прайшоў Дыяцэзіяльны конкурс на веданне Святога Пісання сярод малодшых вернікаў. У спаборніцтве прынялі ўдзел амаль паўсотні дзяцей. Хлопцы і дзяўчаты рыхтаваліся да гэтага дня некалькі месяцаў: вывучалі кнігі Тобія і Евангелле паводле св. Мацвея. У падрыхтоўцы ім дапамагалі бацькі і катэхеты.
    Як адзначыў біскуп Алег Буткевіч, які наведаў дзяцей падчас конкурсу, “кожны, хто прыняў удзел у гэтым мерапрыемстве, ужо перамог, бо глыбей адкрыў для сябе Божае слова”. Аднак пераможцы ўсё роўна былі вызначаны. Кожны ўдзельнік атрымаў дыплом і падарунак ад “Карытас” Лінц (Аўстрыя). Былі таксама смачны абед, гульні і танцы.
   
Беларуская рэдакцыя  Энцыкліка папы Францішка “Laudato si’” аказвае значны ўплыў на палітыку Еўрапейскага Саюза ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. Гэты дакумент Святога Айца шмат абмяркоўваўся ў кулуарах структур ЕС.
    Анджэла Сальцы з Еўрапейскага выканаўчага агенцтва па клімаце, інфраструктуры і навакольным асяроддзі прызнаўся, што асабіста быў сведкам беспрэцэдэнтнай увагі да “экалагічнай” энцыклікі Папы. Сальцы распавёў, што пасля з’яўлення “Laudato si’” “на працягу некалькіх тыдняў у калідорах еўрапейскіх структур не размаўлялі ні пра што іншае, акрамя яе”. Ён падкрэсліў, што ў праекце “Green Deal”, які запусціла Еўрапейская камісія, моцна адчуваецца ўплыў энцыклікі.
   
  Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі   У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях трое святароў падзякавалі Пану Богу за 15 гадоў святарскага служэння. У святыні, якая з’яўляецца цэнтрам культу Маці Божай у Гродзенскай дыяцэзіі, Імшу ў гэты дзень цэлебравалі пробашч парафіі св. Станіслава, біскупа, і св. Максімільяна Кольбэ ў Каробчыцах, дэкан дэканата Гродна-Захад кс. Ян Рушніцкі, пробашч новай парафіі св. Айца Піо ў Гродне (Грандзічы) кс. Артур Малафей і пробашч парафіі св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (дэканат Іўе) кс. Дзмітрый Несцер.