З каталіцкіх СМІ Беларусі (14)

Прэса

Інтэрнэт-партал Касцёла ў Беларусі
   У касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў польскай в. Стаднікі (каля Кракава) дапаможны біскуп Кракаўскай архідыяцэзіі Дам’ян Мускус OFM удзяліў святарскае і дыяканскія пасвячэнні тром беларусам з манаскай супольнасці сэрцанаў.
    Сакрамант пасвячэння ў ступені дыяканату прынялі Валерый Пупкевіч і Уладзіслаў Чуйко, прэзбітэрскае пасвячэнне – дыякан Генадзь Лаўніковіч.
    Супольнасць ксяндзоў сэрцанаў з’яўляецца місійнай, а яе члены пакліканы “быць прарокамі Любові і слугамі паядняння людзей і свету ў Хрысце”, таму новапрэзбітэр Генадзь Лаўніковіч SCJ атрымаў асаблівую адзнаку – місійны крыж, які будзе насіць на місіях альбо праводзячы рэкалекцыі.
    Хутка святар і дыяканы распачнуць сваё служэнне ў Беларусі.

Рэлігійны часопіс    Сорамна чуць малітву Езуса, які просіць, каб усе “былі адно”, ведаючы пры гэтым, колькі існуе падзелаў паміж людзьмі. Няўжо малітва Хрыста дарэмная? Але менавіта гэтая малітва напаўняе нас надзеяй, што еднасць магчымая. Еднасць на ўзор Айца і Сына – а значыць еднасць бязмежнай, ахвярнай любові. Магчыма, зразумеўшы, у чым прычына падзелаў паміж намі, мы зможам зрабіць першы крок у кірунку паяднання.
    У свеце Богу варожы кожны, хто імкнецца збудаваць парадак без Яго. На жаль, такія памкненні існуюць і цяпер. Але праўда можа быць толькі адна. Згаджаючыся на існаванне розных праўдаў, часам супярэчных адна адной, больш выгадных альбо дастасаваных да адпаведных умоў, мы вымушаем самі сябе блукаць ў цемры.
   
Беларуская рэдакцыя  Рэалізуючы волю Пантыфіка, Святы Пасад стварыў фонд для вывучэння пытанняў штучнага інтэлекту з пункту гледжання яго этычнага выкарыстання. Фонд называецца “renAIssance”, што з’яўляецца спалучэннем слова “renesans” і англійскай абрэвіятуры AI (штучны інтэлект).
    Раней у Ватыкане праходзіла сутрэча з удзелам прадстаўнікоў карпарацый Microsoft і IBM, Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (FAO) і Святога Пасаду, пасля якой удзельнікі прыйшлі да высновы, што сёння існуе патрэба ў этычным алгарытме: трэба кадыфікаваць этычныя прынцыпы і нормы на зразумелай і зручнай машыне мове. Толькі так штучны інтэлект стане інструментам гуманізацыі свету. Спатканне завяршылася падпісаннем сумеснага “Рымскага этычнага закліку”.
   
  Інтэрнэт-партал Гродзенскай дыяцэзіі   21 жніўня ў парафіі св. Казіміра ва Уселюбе, дзе знаходзіцца самы старажытны касцёл Беларусі, адбудзецца фестываль-рэкалекцыі “Novafest” для вернікаў каталіцкіх парафій. Мэта фестывалю – паглыбіць духоўнае перажыванне прысутнасці Бога ў жыцці вернікаў праз разнастайныя духоўныя практыкаванні. Фестываль працягнецца з 10.00 да 22.00.
    Для ўдзелу трэба зарэгістравацца па тэлефонах:
    (8 033) 320-11-48 – Наталля;
    (8 044) 759-08-67 – Ірына;
    (8 029) 124-93-21 – Вольга.