З каталіцкіх СМІ (210)
Прэса
Праз заступніцтва
святой мучаніцы
Кс. бп Алег Буткевіч асвяціў у віцебскім касцёле св. Барбары абраз апякункі святыні.
Св. Барбара ўшаноўваецца як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Праваслаўнай Царкве. Праз яе заступніцтва людзі звяртаюцца да Бога асабліва падчас розных эпідэмій і цяжкіх хвароб, а таксама просяць аб захаванні ад раптоўнай і неспадзяванай смерці. З новаасвечаным абразом біскуп аб’ехаў усе гарадскія бальніцы Віцебска і блаславіў іх, узносячы свае малітвы за ўсіх цяжкахворых, просячы Бога аб іх аздараўленні, а таксама аб дары асягнення Неба для паміраючых. Між іншым, іерарх маліўся за медыкаў і Касцёл у Беларусі.
†
Прапаганда
культуры смерці
Вярхоўны Суд Нідэрландаў выдаў вердыкт аб легалізацыі эўтаназіі асоб з дэменцыяй. “Яна можа быць праведзена таксама ў сітуацыі, калі пацыент не здольны выразіць сваю волю”, – гаворыцца ў заяве трыбунала.
Абаронцы жыцця папярэджваюць, што гэта цалкам адмаўляе свабоду пацыента і парушае яго асноўныя правы. Яны таксама перасцерагаюць ад увядзення г. зв. “завяшчання жыцця”, якое некаторыя краіны хочуць легалізаваць, таму што, як паказвае гісторыя, яно можа стаць смяротнай пасткай. Эўтаназія легалізавана ў Нідэрландах ужо 20 гадоў.
“Жаночая”
Кніга кніг
У Польшчы выдадзена першая Біблія для жанчын.
Выданне ўключае ў сябе поўны тэкст Святога Пісання ў апошнім перакладзе з арыгінальных моў, здзейсненым па ініцыятыве Таварыства св. Паўла Таварыствам польскіх біблістаў. Яго асаблівасцю з’яўляюцца разважанні, напісаныя жанчынамі – вядомымі тэолагамі і біблістамі, спецыялісткамі ў галіне псіхалогіі і педагогікі. Унікальнай рысай пазіцыі з’яўляецца якасць і стыль публікацыі. Каляровыя, поўныя дынамізму ілюстрацыі паказваюць разнастайнасць пакліканняў жанчын і іх дарог да Бога. Біблію можна набыць у стацыянарных кнігарнях і ў інтэрнэт-краме edycja.pl.