З каталіцкага друку (165)

Прэса

catholic news100 дзён
у шляху і малітве

   Такую амбіцыйную мэту паставілі арганізатары паломніцтва-падзякі з нагоды стагоддзя незалежнасці Латвіі. Пілігрымка пачалася з Аглоны і пройдзе ўздоўж межаў краіны.
Ініцыятар праекта – а. Арніс Мазілеўскіс, пробашч у Бебрэнесі. Ён растлумачыў, што паломніцтва з’яўляецца сімвалічнай падзякай Богу за радзіму, яе незалежнасць і мову. Менавіта таму айцец заклікаў да ўдзелу ў пілігрымцы не толькі католікаў, але і ўсіх хрысціян. Святар разумеў, што далёка не кожны можа сабе дазволіць 3 месяцы падарожжа, таму прапанаваў, каб жадаючыя далучаліся да групы хаця б на 1-2 дні. Суправаджаць паломнікаў можна і духоўна, у прыватнасці на партале Facebook.

radio vaticanaПапскі “Lamborghini”
сышоў з малатка

   
Эсклюзіўны спорткар быў прададзены на аўкцыёне за 715 тыс. еўра.
Выручаны даход будзе прызначаны на 3 дабрачынныя праекты: адбудову дамоў, грамадскіх памяшканняў і храмаў у іракскай Нінэвіі, для забеспячэння вяртання туды мясцовых хрысціян; падтрымку жанчын, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі і прастытуцыі (у рамках праекту “Дом папы Францішка”); а таксама на фінансаванне праектаў у Афрыцы.
    “Lamborghini Huracan” з 2-ма залацістымі палоскамі на капоце – у колер ватыканскага сцяга – падарылі Святому Айцу напрыканцы 2017 года. Папа пакінуў на аўтамабілі свой аўтограф. Гэта ўнікальная версія спорткара, якая існуе ў адзіным экземпляры.

ekai plЗнойдзены старажытны
падземны касцёл
у Сірыі

   
Археолагам удалося натрапіць на алтар, калоны, грэчаскія надпісы і каменныя крыжы.
Падземны касцёл з мяжы III-IV стагоддзяў адшукалі каля горада Манбідж. Знаходка тым больш здзіўляе, бо адкрыта на землях, што знаходзіліся пад кантролем Ісламскай дзяржавы, вядомай знішчэннем немусульмансхіх помнікаў. Сістэма драўляных падземных галерэй пад горадам была таемным сховішчам для хрысціян, праследуемых тады ва ўсёй Рымскай Імперыі, у склад якой і ўваходзілі ў тыя часы гэтыя землі.