З каталіцкага друку (148)

Прэса

Папа Францішак сыграў
у фільме самаго сябе

   У Ватыкане прайшла прэзентацыя фільма пад назвай “Beyond the Sun” (“За межамі сонца”) з удзелам Пантыфіка.
У экранізаванай гісторыі апавядаецца пра 5-ых дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай св. Камуніі і хочуць даведацца, як можна пазнаць Езуса. Пасля розных прыгод яны трапляюць у Ватыкан, дзе папа Францішак ім тлумачыць, кажучы: “Пазнаеце Пана, чытаючы Евангелле, вывучаючы Катэхізіс і размаўляючы з Ім”. У кінатэатры фільм трапіць ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Прыбытак ад пракату будзе прызначаны на дзейнасць 2-юх аргенцінскіх дабрачынных арганізацый, якія дапамагаюць дзецям і моладзі ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Люксембург “выкінуў”
рэлігію са школы

   
Яе заменіць навучанне каштоўнасці згоднага суіснавання.
У краіне доўгі час была традыцыя навучання рэлігіі ў школах. Разам з тым, пры касцёлах праводзілася катэхеза для падрыхтоўкі да Першай св. Камуніі і канфірмацыі. Цяпер духоўнай адукацыяй павінны будуць займацца выключна парафіі. Гэта дастаткова складана, паколькі іх колькасць за апошні час радыкальна паменшылася з 280-ці да 33-ох.

“Ружанец да межаў”
у аэрапортах

   
У свята Маці Божай Ружанцовай уся Польшча ўздоўж межаў будзе аточана ружанцовай малітвай. Да праекта далучыліся таксама аэрапорт ім. Шапэна ў Варшаве, аэрапорт Познань-Лавіца і міжнародны аэрапорт Катавіцы-Пыжавіцы.
Гэта будзе закрытая падзея, даступная толькі для працаўнікоў аэрапортаў і падарожнічаючых пасажыраў, якія ў гэты дзень будуць карыстацца аэравакзаламі. Малітва пройдзе ў капліцах на чале з іх капеланамі.
    Акцыя з’яўляецца адказам на просьбу Маці Божай аб штодзённым адгаворванні Ружанца, якую Яна выразіла 140 гадоў таму ў польскім Гетшвалдзе і праз 40 гадоў у партугальскай Фаціме. У абодвух выпадках як ратунак для свету Марыя ўказала пакаянне і ружанцовую малітву.