З каталіцкага друку (147)

Актуальна - Прэса

Знакамітая “Чорная
   Мадонна” стала белай

   Шартрскі сабор, які лічыцца шэдэўрам французскай готыкі, пасля 10-гадовай рэстаўрацыі стаў светлым, а разам з ім пабялела і драўляная скульптура XVI ст.
“Чорная Мадонна” – гэта выява Панны Марыі з Дзіцяткам Езус у вобразе Валадара і Валадаркі нябесных. Паводле меркавання спецыялістаў, чорнай фігура была не заўсёды, таму яе вырашылі ачысціць ад шматгадовай сажы і бруду.
    Пасля рэстаўрацыі, як лічаць некаторыя вернікі, сабор страціў свой векавы каларыт і цяпер выглядае як новапабудаваны. Майстры, у сваю чаргу, сцвярджаюць, што вярнулі святыні і яе аздабленню першапачатковы выгляд.

На мяркуемыя рэліквіі
аднаго з Апосталаў
натрапілі ў Рыме

   
Фрагмент косці з надпісам, што гэта мошчы св. Пятра, быў знойдзены падчас рамонту касцёла Санта-Марыя-ін-Капэла ў невялікай урне пад менсам алтара.
Змешчаныя на скрыні пазнакі ідэнтыфікуюць таксама рэліквіі іншых Пантыфікаў першых стагоддзяў, святых Карнэлія, Калікста і Фелікса. Знаходку адразу перадалі для захоўвання і вывучэння ў вікарыят Рымскай дыяцэзіі.
    На дадзены момант інфармацыя пра паходжанне рэліквій і іх аўтэнтычнасць не ўстаноўлена. Вядома толькі тое, што парэшткі св. Пятра ў першых стагоддзях пераносіліся ў розныя месцы Вечнага Горада.

Чэхі звараць піва
для папы Францішка

   
Прыгатаваннем напою зоймецца галоўны півавар бровара “Будвар” (вядомы таксама як “Будвайзер”) з Чэшскіх Будзеёвіц, а варку блаславіць біскуп Уласціміл Крочэ.
Святы Айцец атрымае спецыяльную партыю піва ад дэлегацыі горада падчас агульнай аўдыенцыі 13 снежня.
    Раней піва для папы Францішка варыла фірма “Cape May Brewing Company”, якая аб’ядноўвае крафтавых півавараў. Ідэя ўзнікла напярэдадні візіту Пантыфіка ў ЗША ў 2015 годзе.