З каталіцкага друку (133)

Прэса

“Добра быць татам”

   Пад такім дэвізам у Польшчы распачалася сацыяльная акцыя заахвочвання да бацькоўства.
Мэта кампаніі – умацаваць пазітыўныя мадэлі сямейных адносін, заснаваных на адказнасці, вернасці, крэатыўнасці і гатоўнасці прымаць выклікі. У рамках акцыі рыхтуюцца тэлевізійныя рэкламныя ролікі. Свет убачыць даклад “Таты 2017” на тэму актуальных праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя бацькі. “Польшча ўжо некалькі гадоў знаходзіцца ў глыбокім дэмаграфічным крызісе. Мы спадзяёмся заахвоціць мужчын да бацькоўства і вярнуць гэтай ролі належнае становішча ў грамадстве”, – запэўніваюць арганізатары акцыі.

Жывёлы запоўнілі
   ваколіцы плошчы св. Пятра

   
У 10-ты раз з нагоды ўрачыстасці св. Антонія Абата, заступніка жывёл і жывёлаводаў, у Ватыкане зладзілі “Ферму пад адкрытым небам”.
Ягняты, козы, цяляты, парасяты, каровы, куры, трусы, аслы і коні былі дастаўлены ў горад з розных рэгіёнаў Італіі. Іх гаспадары прынялі ўдзел у св. Імшы ў базіліцы св. Пятра. Устаноўленыя непадалёк плошчы імправізаваныя стойлы сталі вялікай пацехай для тысяч турыстаў, што наведвалі Ватыкан.
    Сёлетняе адзначэнне ўрачыстасці св. Антонія Абата супала па часе з сур’ёзным земляробчым крызісам у Італіі, выкліканым выключна суровай зімой у цэнтры і на поўдні краіны.

Рымская святыня прытуліла
   бяздомных на час халадоў

   
Старажытны касцёл св. Калікста адкрыў свае дзверы для людзей, якія не маюць даху над галавой.
Штодзённа ў святыню прыбывае каля 30-ці бяздомных: італьянцаў і замежнікаў. Патрабуючыя маюць магчымасць бясплатна павячэраць у сталоўцы, якая знаходзіцца недалёка ад касцёла, а таксама пераначаваць у цяпле. Увесь гэты час бяздомным дапамагаюць валанцёры з экуменічнай дабрачыннай супольнасці св. Эгідзія, якія клапоцяцца пра іх матэрыяльныя патрэбы, здароўе і стабільныя жыццёвыя перспектывы.