З каталіцкага друку (115)
Прэса
Папа здзейсніў
мару хворай дзяўчынкі Надзвычай кранальная падзея адбылася на агульнай аўдыенцыі. Папа Францішак сустрэўся з пяцігадовай дзяўчынкай з ЗША, якая ў выніку рэдкай генетычнай хваробы ў хуткім часе поўнасцю страціць зрок і слых. Трохі раней яна прызналася бацькам, што больш за ўсё, пакуль бачыць і чуе, яна хацела б пабываць у Ватыкане і сустрэцца са Святым Айцом.
Францішак усклаў далонь на вочы хворай і, блаславіўшы, хвіліну маліўся над ёю. Затым, сам будучы вельмі ўзрушаным, размаўляў з дзяўчынкай і яе ўсхваляванымі бацькамі. Ліза падарыла Пантыфіку скрыначку з кавалкам метэарыта, які ўпаў у Агаё. Святы Айцец упэўніў, што будзе памятаць аб ёй і яе блізкіх у штодзённай малітве.
†
Беларуская выстава
ў Ватыкане Выстава сакральнага мастацтва з Беларусі стане першай у гісторыі такога роду ініцыятывай з Усходняй Еўропы ў Ватыканскіх музеях.
Увазе наведвальнікаў Ватыканскіх музеяў будуць прадстаўлены сакральныя выявы, створаныя ў розныя гістарычныя перыяды, найбольш значныя творы беларускай мастацкай традыцыі.
Улічваючы тое, што Беларусь знаходзіцца на мяжы паміж праваслаўнай і каталіцкай часткамі Еўропы, выстава прадэманструе, наколькі заходняе хрысціянства з’яўляецца падобным, і, у той жа час, адметным ад усходняга. Падзея будзе насіць экуменічны характар.
Урачыстая інсталяцыя
Гродзенскага капітула Ва ўрачыстасць Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбудзецца ўрачыстая інсталяцыя Гродзенскага капітула. Канонікі капітула пачнуць у гэты дзень сваё служэнне. 10 сакавіка ў будынку гродзенскай курыі былі агучаны прозвішчы святароў, прызначаных канонікамі катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра Каралевіча. Сярод іх восем грэміяльных і дзевяць ганаровых канонікаў. Усім былі ўручаны дэкрэты.
На ўрачыстую інсталяцыю капітула, якая будзе першай у гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі, усіх жадаючых шчыра запрашае біскуп Аляксандр Кашкевіч.