З каталіцкага друку (74)
Прэса
Папскія гвардзейцы ў Польшчы Упершыню ў гісторыі салдаты Швейцарскай гвардыі наведваюць Польшчу. Першым пунктам праграмы стала для іх Ясная Гара Больш за 40 швейцарскіх гвардзейцаў прыляцелі ў Польшчу ў межах пілігрымкі з нагоды кананізацыі папы Яна Паўла II.
“Гэта падзяка за вялікі пантыфікат, за вялікага чалавека, які, бясспрэчна, сфарміраваў гвардзейцаў”, – кажа Магдалена Валіньская-Рыдзі, якая разам з сяржантам Хайнцам Эглі падрыхтавала праграму пілігрымкі. Як дадае арганізатар, гаворка ідзе пра ўсведамленне малодшым гвардзейцам, якія не памятаюць Яна Паўла II, яго гісторыі, таго, як ён вырас у такога вялікага чалавека. “Гэта вяртанне да каранёў Яна Паўла II”, – адзначае сп. Магдалена.
†
Ватыкан у ААН абараняе сям’ю З рашучай абаронай сям’і выступіла Апостальская сталіца перад Радай ААН па правах чалавека. Розныя сілы спрабуюць знішчыць сям’ю, як перажытак мінулага і перашкоду да эмансіпацыі асобы і стварэння больш свабоднага, эгалітарнага і шчаслівага грамадства.
Папскі дыпламат кс. абп Сільвана Тамасі перасцярог ад проціпастаўлення асобы і сям’і. Сям’я не змяншае годнасці і праў асобы. Большасць людзей менавіта ў сям’і знаходзяць падтрымку. У згоднай сям’і, дзе захоўваецца ўзаемадапаўняльнасць роляў маці і бацькі, найлепш развіваюцца дзеці.
Афіцыйны лагатып СДМ
прэзентавалі ў Кракаве Сімволіка лагатыпа спалучае ў сабе тры элементы: месца, галоўных герояў і тэму сустрэчы. У цэнтры лагатыпа знаходзіцца крыж, упісаны ў контуры Польшчы. Размяшчэнне Кракава пазначана жоўтым колам, якое таксама сімвалізуе моладзь. З крыжа выплывае іскра Божай міласэрнасці, якая па форме і колеры прыгадвае абраз “Езу, давяраю Табе”. Блакітна-чырвона-жоўтая каларыстыка лагатыпа звязана з афіцыйнымі колерамі Кракава і яго гербам.
Адбылася таксама прэзентацыя афіцыйнай малітвы СДМ у Кракаве 2016. Яна складаецца з трох частак. Першая паходзіць з Акта даручэння свету Божай міласэрнасці, які здзейсніў Ян Павел II у 2002 г. у санктуарыі Божай міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках. Другая частка – гэта просьба аб ласцы быць міласэрным. Трэцяя частка мае характар літаніі і з’яўляецца заклікам аб апецы Маці Божай і св. Яна Паўла II – заступніка СДМ.