“Любові не купіш” А. Дарыуш Пюркоўскі SJ
Згадваючы біблейскую прыпавесць пра работнікаў у вінаградніку, аўтар піша, што Хрыстос такім чынам напамінае нам аб тым, што Бог, на самай справе, не ўпісваецца ў нашыя катэгорыі. Мы часта Яго не разумеем і павінны гэта адкрыта прызнаць. Божая справядлівасць адрозніваецца ад нашай. Яна дзейнічае не паводле правіл эканамічнага ці матэматычнага вылічэння, але паводле міласэрнасці: яна ратуе і выбачае, а не надзяляе згодна з заслугамі. Бог не выплаціць нам прэміі і выслугі гадоў.
“Якую працу нам можна было б выканаць, каб гарантаваць сабе вечнае шчасце?” – пытае аўтар артыкула. “Праблема ў тым, што ніякай. Добрая Навіна заключаецца менавіта ў тым, што мы, як хрысціяне, ужо атрымалі рай ад пачатку без аніякіх намаганняў з нашага боку. Гэты рай прыходзіць да нас асабліва ў святым хросце і Эўхарыстыі. Таму мы павінны пазбавіцца ілюзій, што выконваючы запаведзі, мы заробім сабе на рай”. Наадварот, тое, што мы стараемся пераймаць Хрыста, – гэта вынік папярэдняга прыняцця раю, а значыць, і самаго Бога ў нашым жыцці. Ніякіх асаблівых прывілеяў за хрысціянскае першынство і выкананне задач “вышэй за норму” ў раі не будзе. Бо любові (Божай і чалавечай) нельга патрабаваць, а тым больш купіць. Яе можна толькі прыняць.
Будуючы вакол сябе сцяну з выканання рэлігійных абавязкаў і патрабаванняў, з неабходнасці ахвяравання і прыняцця пастаноў, можна зачыніцца ад асноўнай евангелічнай праўды: спачатку трэба прыняць дабрыню Бога, і толькі потым можна даваць самаму. †