Слова для Жыцця (176)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Мір пачынаецца з душы і вяртаецца ў душу… Будаванне міру падобнае да наследавання Бога, які пажадаў прымірыцца з намі, дараваў нам, паслаў свайго Сына, каб заключыў мір. [...] Гэта Езус прыносіць спакой, які можа змяніць жыццё і гісторыю. Менавіта таму Яго называюць “Князем спакою”.
    Кожны раз, калі мы бачым, што ёсць верагоднасць малой вайны дома, у сэрцы, школе або на працы, давайце спынімся і паспрабуем заключыць мір. Давайце ніколі не будзем раніць іншых. Ніколі! [...] Няхай Пан падрыхтуе нашыя сэрцы да Божага Нараджэння. І гэта адбудзецца, калі зробім тое, што ад нас залежыць: знойдзем прымірэнне ў нашым сэрцы і душы, прынясём мір у нашы сем’і, школы, асяроддзе, на працоўныя месцы – станем людзьмі міру.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты ў Ватыкане, 04.12.2018 .  


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Святы Касцёл, згодна з асвечанай стагоддзямі традыцыяй, запрашае нас штогод перажываць час Адвэнту ва ўнутраным засяроджанні і суцішанасці, каб, трываючы на малітве і слухаючы Божае слова, спыніліся на тым, што найважнейшае ў жыцці. Адвэнт павінен нам дапамагчы ў духоўнай падрыхтоўцы да свят Божага Нараджэння, каб маглі прывітаць Хрыста, які да нас прыходзіць, з сэрцамі, поўнымі веры і любові, адноўленымі праз асвячальную ласку і адкрытымі на Божыя заклікі.
    У сваім адвэнтавым чуванні будзем углядацца ў прыклад Марыі, якая з верай і любоўю чакала моманту прыйсця ў свет Божага Сына. Выразам нашай марыйнай набожнасці з’яўляюцца традыцыйныя раратнія св. Імшы, цэлебраваныя ў гонар Божай Маці. Пастараемся ў іх удзельнічаць, найлепш цэлымі сем’ямі, а прынамсі паклапоцімся аб тым, каб удзельнічалі ў іх дзеці і моладзь. […] У многіх парафіях арганізуюцца адвэнтавыя рэкалекцыі і дні засяроджання. Пастараемся так запланаваць свой час, каб мець магчымасць прыняць у іх удзел. Не забудзем у перыяд Адвэнту прыступіць да сакраманту пакаяння і паяднання, каб маглі прывітаць прыходзячага Езуса з чыстым і вольным ад граху сэрцам. […] Падтрымаем таксама прыгожую традыцыю прыняцця адвэнтаваных пастаноў, якія нам дапамогуць вызваляцца ад зла і граху, развіваць у сабе цноты, паглыбляць веру і духоўнае жыццё і ўзрастаць у любові да Бога і бліжняга.
    Фрагмент Пастырскага ліста на Адвэнт 2018