Папа Францішак
Вялікі пост – гэта пачатак, шлях, які вядзе да бяспечнай мэты: Пасхі Уваскрасення, перамогі Хрыста над смерцю. Гэты перыяд заўсёды скіроўвае нам рашучае заахвочванне да навяртання. Хрысціянін пакліканы вярнуцца да Бога “ўсім сваім сэрцам” (Ёэл 2, 12), каб не здавольвацца пасрэдным жыццём, але ўзрастаць у прыязнасці з Панам. Езус – верны Сябар, які ніколі нас не пакідае, бо нават калі грашым, Ён цярпліва чакае нашага вяртання і адначасова паказвае сваё жаданне прабачыць. Вялікі пост – гэта спрыяльны час, каб аднавіць сябе ў сустрэчы з жывым Хрыстом у Яго слове, сакрамантах і ў бліжнім. Пан, які за 40 дзён, праведзеных у пустыні, перамог напады спакусніка, указвае дарогу, якой неабходна ісці. Няхай Дух Святы вядзе нас да распачацця сапраўднай пілігрымкі навяртання, каб нанова адкрыць Божае слова, каб быць ачышчанымі ад граху, які асляпляе, і служыць Хрысту, прысутнаму ў патрабуючых братах. Давайце маліцца адзін за аднаго, каб, прымаючы ўдзел у перамозе Хрыста, мы ўмелі адкрыць свае дзверы для слабых і ўбогіх. Тады зможам жыць упоўні і сведчыць аб пасхальнай радасці.
Фрагмент папскага паслання на Вялікі пост 2017 †