Папа Францішак
Шчасце, якога прагне кожны, можа быць выражана рознымі спосабамі і дасягнута толькі тады, калі мы здольны кахаць. Колькі інвалідаў і пакутуючых людзей наноў адкрываюцца на жыццё, як толькі разумеюць, што хтосьці іх любіць! І колькі любові можа выплываць з сэрца нават, хоць бы, праз адну ўсмешку! У той жа час і сама слабасць можа стаць суцяшэннем і падтрымкай для нашай адзіноты. Езус у сваіх пакутах палюбіў нас дарэшты (параўн. Ян 13, 1). Ён на крыжы аб’явіў Любоў, якая аддае сябе без межаў. Што мы можам прад’явіць Богу ў сувязі з нашымі слабасцямі і цярпеннямі, чаго б не было ўжо выбіта на абліччы Яго ўкрыжаванага Сына? Да фізічных пакут Езуса далучыліся здзекі, непрыняцце і пагарда, а Ён адказвае міласэрнасцю, якая прымае кожнага і прабачае ўсім. “Ранамі Яго мы аздароўлены” (Іс 53, 5; 1 П 2, 24). Езус – урач, які лечыць лякарствам любові, бо бярэ на сябе нашае цярпенне і збаўляе. Мы ведаем, што Бог здольны зразумець нашыя слабасці, бо Ён сам іх перажыў (параўн. Гбр 4, 15).
Тое, як мы перажываем хваробу і інваліднасць, з’яўляецца паказчыкам любові, якую мы гатовы ахвяраваць. Тое, як мы змагаемся з пакутамі і абмежаваннямі – крытэрыем нашай свабоды, каб надаць сэнс выпрабаванням жыцця, нават калі яны здаюцца нам абсурднымі і незаслужанымі. Таму не трэба турбавацца з-за гэтых нягод.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас Юбілею хворых і інвалідаў †