Слова для Жыцця (170)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Існуе рабства, якое знявольвае мацней за турму, мацней за панічны крызіс, мацней за рознага роду дыктат: гэта рабства ўласнага эга. Гаворка ідзе пра людзей, якія на працягу ўсяго дня глядзяць на сябе ў люстэрка, каб любавацца сваім “я”. Іх эга мацнейшае за іх цела. Яны нявольнікі свайго “я”…
    Дарагія Браты і Сёстры, хто ж сапраўдны нявольнік? [...] Той, хто не ўмее любіць! І ўсе гэтыя заганы, грахі, эгаізм аддаляюць нас ад любові і робяць няздольнымі любіць. Мы становімся рабамі саміх сябе і не можам любіць, бо любоў заўсёды скіравана на іншых людзей. Сапраўдная любоў – гэта сапраўдная свабода: яна пазбаўляе прагі валодання, адбудоўвае адносіны, дае здольнасць прымаць і цаніць бліжняга.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 12.09.2018  


dziemanko   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Нязмерна важным дапаўненнем і паглыбленнем першай перадачы веры, якая здзяйсняецца ў хрысціянскай сям’і, з’яўляецца сістэматычная катэхізацыя дзяцей і моладзі, арганізаваная пры парафіях. Праз рэалізацыю адпаведным чынам распрацаваных праграм навучання, прыстасаваных да ўзросту катэхізаваных, парафіяльная катэхеза павінна “прывесці да сталасці веру, ужо народжаную ў душы, і выхаваць сапраўднага вучня Хрыста праз паглыбленае і больш упарадкаванае пазнанне Асобы і вучэння Хрыста, нашага Пана” (Ян Павел ІІ, Catechesi Tradendae, 19).
    Таму нагадваю Вам, дарагія Бацькі, што з’яўляецеся адказнымі за тое, каб Вашы дзеці наведвалі ўрокі рэлігіі пры парафіі на працягу ўсяго перыяду вучобы ў школе. Неспаўненне гэтага абавязку – сур’ёзнае маральнае занядбанне. […] Таму прашу Вас прыняць да сэрца і ажыццявіць на практыцы заклік Хрыста Пана: “Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Божае Валадарства ” (Mк 10, 14).
    Шаноўныя Браты Святары і Манаскія Айцы, паважаныя Кансэкраваныя Асобы і дарагія свецкія Катэхеты! Скіроўваю да Вас словы глыбокай удзячнасці і шчырага прызнання за руплівасць, запал і актыўнасць, з якімі Вы кожны дзень прысвячаеце сябе высакароднай справе катэхізацыі маладога пакалення.
    Дарагія Дзеці і любімая Моладзь! Жадаю Вам як мага большых поспехаў у навучальным і катэхетычным годзе. Наведвайце рэгулярна і ахвотна ўрокі рэлігіі, каб усё лепш пазнаваць Хрыста і Яго вучэнне. Памятайце, што Ён – Ваш найлепшы Сябар, які ніколі не падвядзе і не пакіне.
   
Фрагмент пастырскага ліста на новы навучальны і катэхетычны год 2018–2019