Слова для Жыцця (169)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Хрыстос сапраўды хоча выкрыць кніжнікаў і фарысеяў з-за памылкі пазбягання волі Бога, у якую яны ўпалі, не захоўваючы Яго запаведзі, а выконваючы традыцыі, створаныя чалавекам. Рэакцыя Езуса вельмі суровая, таму што гаворка ідзе пра вялікую стаўку: пра сапраўднасць адносін паміж чалавекам і Богам, аўтэнтычнасць рэлігійнага жыцця. Крывадушнік з’яўляецца падманшчыкам, ён не аўтэнтычны.
    Таксама і сёння Пан заклікае нас пазбягаць небяспекі, якой з’яўляецца надаванне большай увагі форме, чым сутнасці. Ён заклікае нас заўсёды нанова прызнаваць тое, што з’яўляецца сапраўдным цэнтрам досведу веры – любоў да Бога і любоў да бліжняга, ачышчаючы яе ад крывадушша рытуальнасці і фармальнай правапаслухмянасці. […] Не павінна быць знешняе стаўленне, але ўнутранае: неабходна сачыць за тым, каб наш спосаб мыслення і дзеяння не забруджваўся свецкім менталітэтам, гэта значыць ганарыстасцю, прагнасцю і пыхай. На самой справе, жанчына ці мужчына, які жыве ў ганарыстасці, прагнасці і пысе і паказвае сябе рэлігійным чалавекам, калі пачынае асуджаць іншых, з’яўляецца крывадушнікам.
З прамовы падчас малітвы “Анёл Панскі” ў Ватыкане, 02.09.2018  


dziemanko   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Мы нічога не ведаем пра вечную радасць у Небе, наш розум не здольны ахапіць гэтую звышнатуральную рэчаіснасць, а ўсё, што мы можам на дадзеную тэму ўявіць, з’яўляецца толькі сурагатам Неба, “Небам, уяўленым па-зямному”. Таму св. Павел гаворыць: “Ні вока не бачыла, ні вуха не чула, ні сэрца чалавечае не змагло пазнаць, якія вялікія рэчы падрыхтаваў Бог тым, хто на Яго спадзяецца” (1 Кар 2, 9).
    Мы замала думаем пра Неба, таму замала працуем над паглыбленнем сваёй веры. Скажам сабе шчыра: калі б мы ўвесь час памяталі, што нашым прызначэннем з’яўляецца вечнае жыццё з Богам, напэўна, шмат нашых думак, слоў, рашэнняў, учынкаў былі б іншымі. Напэўна, мы інакш паводзілі б сябе ў многіх сітуацыях, па-іншаму ўспрынялі б не адну асобу, іншымі вачыма глядзелі б на саміх сябе, на сваіх бліжніх і на навакольны свет.
    Няхай нашыя сэрцы будуць чулымі, адчувальнымі на Божы голас, успрымальнымі да збаўчага ўздзеяння Яго ласкі! Няхай вызнаваемая вера будзе святлом, якое праз змрок мінучасці прывядзе нас у краіну вечнага шчасця!
   
Фрагменты гаміліі, прамоўленай падчас св. Імшы ў касцёле Унебаўзяцця НПМ у Лідзе, 15.08.2018