Слова для Жыцця (166)

Актуальна - Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Я хацеў бы сказаць асабліва моладзі, што наш самы небяспечны вораг – гэта не канкрэтныя праблемы, якімі б сур’ёзнымі і драматычнымі яны не былі; самая вялікая небяспека ў жыцці – гэта злы дух прыстасавальніцтва, які не з’яўляецца ні лагоднасцю, ні пакорай, але павярхоўнасцю і маладушнасцю.
    Калі маці і бацька бачаць юнака, які пасіўна сядзіць увесь дзень дома, што думаюць пра яго: “Ці не хворы ён?”, – і вядуць яго да ўрача... Ці не так? Жыццё маладога чалавека – гэта імкненне наперад, заклапочанасць, здаровы неспакой, здольнасць не згаджацца на жыццё без прыгажосці, без колеру. Калі маладыя людзі не будуць прагнуць сапраўднага жыцця, куды прыйдзе чалавецтва? Куды прыйдзе чалавецтва з пасіўнай, пазбаўленай неспакою моладдзю?
    Малады чалавек павінен дайсці да парога пэўнага пераходу, дзе адкрываецца магчымасць перастаць жыць самім сабой, сваімі справамі, сваімі дабротамі, і менавіта таму, што яму не хапае поўнага жыцця – пакінуць усё, каб пайсці за Панам... Езус жа прапануе не сурагаты, а сапраўднае жыццё, сапраўдную любоў, сапраўднае багацце! А як зможа моладзь ісці за намі ў веры, калі не будзе бачыць, што выбіраем “арыгінал”, калі бачаць нас, прызвычаеных да паўмер. Кепска, калі сустракаеш хрысціян напалову, хрысціян – дазволю сабе сказаць – “карлікавых”, якія растуць толькі да пэўнай вышыні, а потым ужо не, хрысціян з абмежаваным, закрытым сэрцам. Кепска, калі сустракаеш такое. Патрэбны прыклад кагосьці, хто пакліча мяне выйсці “па-за”, “далей”, каб пакрысе ўзрастаць…
Фрагменты прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 13.06.2018  


kondrusiewicz2   Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч

      Слова “касцёл” паходзіць ад грэчаскага слова “ecclesia”, што значыць “сход”. Касцёл сапраўдны тады, калі людзі складаюць супольнасць. Як будынак ён неабходны, каб збіраць вернікаў і такім чынам будаваць святыню з жывых камянёў – нашых сэрцаў. Евангелле вучыць, што той Касцёл, вуглавым каменем якога з’яўляецца Хрыстос, будуецца на Пятры. Таму ён стаіць ужо 2000 гадоў і пякельныя брамы не могуць яго перамагчы, што пацвярджае гісторыя. Будаванне жывога Касцёла адбывацца праз паслугу біскупаў і святароў з удзелам вернікаў. Св. Ігнацый з Антыёхіі гаворыць, што там, дзе ёсць біскуп, ёсць і Касцёл. А найбліжэйшымі памочнікамі біскупаў у будаванні Касцёла з’яўляюцца святары...
   
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас урачыстасці 400-годдзя кансэкрацыі пабрыгіцкага касцёла ў Гродне, 13.06.2018