Слова для Жыцця (165)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Кожны раз, калі цэлебруем Эўхарыстыю, праз гэты сакрамант, такі просты і адначасова ўрачысты, мы перажываем Новы Запавет, які поўнасцю спаўняе камунію паміж Богам і намі. І як удзельнікі гэтага Запавету, хоць з’яўляемся малымі і беднымі, супрацоўнічаем у будаванні гісторыі паводле Божай задумы. Таму кожная эўхарыстычная цэлебрацыя, прадстаўляючы сабой акт публічнага ўшанавання Бога, адносіцца да жыцця і канкрэтных падзей нашага існавання. Сілкуючыся Целам і Крывёю Хрыста, становімся падобнымі да Яго, атрымліваем Яго любоў, але не для таго, каб яе раўніва захоўваць для сябе, а каб дзяліцца ёю з іншымі. Гэтая логіка ўпісана ў Эўхарыстыю. Атрымліваем любоў Збаўцы і дзелімся ёю з іншымі. Гэта логіка Эўхарыстыі! У ёй мы сузіраем Езуса – паламаны і ахвяраваны Хлеб, Кроў, пралітую за наша збаўленне. Яго прысутнась, як полымя, спальвае ў нас эгаістычныя паводзіны, ачышчае ад схільнасці даваць толькі тады, калі самі атрымалі, і распальвае жаданне таксама станавіцца – у еднасці з Езусам – паламаным хлебам і крывёю, пралітай за братоў.
Фрагмент прамовы падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” ў Ватыкане, 03.06.2018 


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Наколькі ж вялікі і цудоўны дар Эўхарыстыі! Якая ж дзівосная гэтая ежа, што дае нам вечнае жыццё! Даступная кожнаму, хто толькі захоча прыняць яе ў веры. Цяпер зноў спытаймася ў сябе аб веры: Ці веру я ў гэты дар? Ці давяраю абяцанню Хрыста? Ці прымаю з верай і ўдзячнасцю Яго запрашэнне на пасілак, які дае нам прадчуванне смакавання вечнага жыцця ў Нябеснай Айчыне?..
    Сёння ў працэсіі Божага Цела Пан Езус выходзіць насустрач са сваёй бясконцай любоўю. У Найсвяцейшым Сакраманце, які нясём праз вуліцы горада, Ён уваходзіць у нашу рэчаіснасць, мінае дамы вернікаў і няверуючых, старанных і абыякавых, мінае крамы і ўстановы, гасцініцы, школы і бальніцы, месцы, у якіх праходзіць жыццё звычайных, слабых, грэшных людзей, каб несці ім сваё бласлаўленне.
    Як спяваем у прыгожай эўхарыстычнай песні, “двары нашы аглядзець прыходзіць і як Яго дзецям жывецца”. Ідучы за Езусам, мы публічна вызнаём сваю веру. Але таксама – што найважнейшае – вызнаём сваё жаданне ісці за Хрыстом у біблійным сэнсе: быць Яго вучнямі і пераймаць Яго. Дык пойдзем жа з радасцю, ведаючы, што маем Бога блізкага і поўнага любові, для якога мы важныя, якога варта любіць і які дапамагае нам кахаць іншых!
   
Фрагмент гаміліі, прамоўленай перад працэсіяй Божага Цела ў гродзенскай катэдры, 03.06.2018