Слова для Жыцця (161)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Мы не павінны забываць, што цэлебруем Эўхарыстыю для таго, каб вучыцца, як станавіцца эўхарыстычнымі мужчынамі і жанчынамі. Што гэта значыць? Значыць дазволіць, каб Хрыстос дзейнічаў у нашых справах: каб Яго думкі былі нашымі думкамі, Яго пачуцці – нашым пачуццямі, Яго рашэнні – нашымі рашэннямі. Гэта і з’яўляецца святасцю: рабіць так, як рабіў Хрыстос. Наконт таго дакладна заўважыў св. Павел, кажучы аб сваім упадабненні да Езуса: “Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне” (Гал 2, 20).
    Паглыбляючы з’яднанасць з Езусам, Эўхарыстыя абнаўляе ласку, якой Святы Дух адорвае ў хросце і канфірмацыі, каб наша хрысціянскае сведчанне было пераканаўчым. […] Акрамя таго, распальваючы ў сэрцах Божую любоў, Эўхарыстыя аддзяляе нас ад граху. Чым больш удзельнічаем у жыцці Хрыста і паглыбляем сяброўства з Ім, тым складаней нам разарваць сувязь са Збаўцам праз смяротны грэх. Рэгулярнае прыступанне да эўхарыстычнага стала аднаўляе, умацоўвае і паглыбляе сувязь з хрысціянскай супольнасцю, да якой належым, згодна з прынцыпам: Эўхарыстыя стварае Касцёл і яднае нас усіх.
Фрагменты прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 04.04.2018 


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Алелюя!
    Уваскрос… Колькі ж мільёнаў і мільярдаў разоў на розных мовах і дыялектах у розных кутках свету былі паўтораны гэтыя словы! Уваскрос – значыць паўстаў з памерлых, прытым уласнай моцай, на трэці дзень, так, як прадказаў.
    Якое значэнне мае ўваскрасенне Хрыста для кожнага з нас сёння? Паколькі Езус паўстаў з мёртвых, значыць, Ён жыве і будзе жыць. “Я – уваскрасенне і жыццё”, – сказаў Ён некалі Марыі ў Бэтаніі (Ян 11, 25). І паўтарае тыя ж словы сёння. Яго магіла апусцела і застанецца пустой да канца свету. Ніхто не зачыніць там Езуса зноў. Няхай праўда аб уваскрасенні Хрыста заахвочвае кожнага з нас “шукаць таго, што ў вышынях”, як гаворыць св. Павел (параўн.: Клс 3, 1), г. зн. імкнуцца за Збаўцам па дарозе любові да Бога і бліжняга, дарозе памірання для граху і нараджэння для новага жыцця ў Хрысце Пану, дарозе адрачэння і крыжа – да паўнаты жыцця ў хвале ўваскрасення.
   
Фрагменты гаміліі, прамоўленай падчас рэзурэкцыйнай св. Імшы ў гродзенскай катэдры, 01.04.2018