Слова для Жыцця (157)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Зноў набліжаецца Пасха Пана! Каб падрыхтавацца да яе, кожны год Божы Провід дае вернікам Вялікі пост – “сакраментальны знак нашага навяртання”, які прадвяшчае і рэалізуе магчымасць навярнуцца да Пана цэлым сэрцам і ўсім жыццём.
    У гэтым годзе я прагну дапамагчы Касцёлу радасна і па-сапраўднаму перажыць гэты час ласкі; а натхняюся ў тым словамі Езуса:
    “А з-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне” (Мц 24, 12). [...] Я хацеў бы, каб мой голас выйшаў за межы Каталіцкага Касцёла і дасягнуў усіх Вас, мужчыны і жанчыны добрай волі, адкрытыя на Бога. Калі Вы, як мы, засмучаныя распаўсюджваннем зласлівасці ў свеце, калі Вас турбуе заледзяненне, якое паралізуе сэрца і дзеянні, калі Вы бачыце, што слабне пачуццё агульнай чалавечнасці, далучыцеся да нас, каб разам маліць Бога, пасціцца і разам, наколькі можам, дапамагаць братам!
Фрагмент паслання на Вялікі пост 2018  


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      У Вялікі пост мы запрошаны нанова ўзяць на сябе высілкі асабістага навяртання. Ужо сёння задумаемся, якія велікапосныя пастановы прымем у гэтым годзе, каб дадзены час ласкі не прайшоў бясплённа, а дапамог нам аднавіцца ўнутрана і яшчэ больш наблізіцца да Бога.
    Традыцыя Касцёла апавядае, што ў барацьбе з грахом і ў пераадоленні ўласных слабасцей асабліва дапамагаюць малітва, пост і міласціна. Пастараемся выкарыстаць перыяд Вялікага посту як нагоду да паглыблення нашага жыцця малітвы. Акрамя нядзельнай св. Імшы будзем прымаць удзел у прыгожых, асвечаных шматвяковай традыцыяй набажэнствах Песень жальбы і Крыжовага шляху, якія дапамагаюць у разважанні над таямніцамі Мукі Пана. Добра будзе, калі ў Вялікі пост мы паклапоцімся аб супольнай малітве ў сям’і, аб чытанні Святога Пісання, аб удзеле ў Эўхарыстыі таксама ў звычайныя дні. Не забудземся і пра абавязак прымаць удзел у парафіяльных рэкалекцыях, прыступаць да сакраманту паяднання і прымаць св. Камунію. Кожная форма малітвы набліжае нас да Бога, узбуджае ў сэрцы любоў да Яго, удзячнасць і пакору, аберагае ад пыхі і эгаізму.
    Вялікі пост – гэта таксама час змярцвення, ці выхавання волі праз дабравольнае адмаўленне ад таго, што непатрэбнае, залішняе або шкоднае, што ўскладняе духоўнае жыццё і можа прыводзіць да залежнасці. […] Міласціна дапамагае вызваліцца ад абыякавасці, эгаізму і залішняй прывязанасці да матэрыяльных дабротаў, а разам з тым робіць нас больш чулымі да патрэб бліжніх.
   
Фрагмент Пастырскага ліста на Вялікі пост 2018