Слова для Жыцця (154)

Слова для Жыцця


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Для ўсіх нас, кім бы ні былі, ззяе Бэтлеемская зорка. Давайце прымем Бога ў свае дамы і сэрцы. Няхай Ён раз’- ясняе ўсе змрокі нашага жыцця і кіруе намі. Давайце па прыкладзе пастушкоў расказваць іншым пра тую радасць, якую перажываем, да якой дакрануліся гэтай ноччу. Нельга пакідаць яе толькі для сябе...
    Заўважце, што з моманту нараджэння Пана Езуса наша жыццё набыло сэнс. Людзі не жывуць проста для таго, каб жыць, каб забіць час. Трэба ўсведамляць, што Бог падумаў пра кожнага з нас, бо Яго Слова прыйшло ў свет, каб усе мы былі братамі і сёстрамі Пана Езуса і жылі так, як Ён: на славу Божую і на карысць людзям.
    Трэба памятаць, што жыццё чалавека не бессэнсоўнае. Яно нібы старонка 5-га Евангелля. Іх 4, але яшчэ адно – вялікае, 5-ае – пішуць людзі: кожны з нас з’яўляецца адной са старонак гэтага Евангелля. Часам такая старонка можа быць пустой, можа быць бруднай, парванай, затаптанай... А можа быць і прыгожай, падобнай на сярэднявечныя рукапісы, поўныя цудоўных колераў і гармоніі, якой чалавек захапляецца.

Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас св. Імшы Пастэркі ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе, 24.12.2017

KKBBКанферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
    Свята Святой Сям’і – Езуса, Марыі і Юзафа – з’яўляецца нагодай, каб падзякаваць Богу за ўсіх, хто абвяшчае Евангелле жыцця. Трэба належным чынам ацаніць усякія дзеянні рухаў і асоб добрай волі, якія прагнуць прычыніцца да абароны зачатага дзіцяці.
    Сярод шматлікіх ініцыятыў у справе святасці жыцця можам вылучыць “Духоўнае ўсынаўленне”, вельмі распаўсюджанае ў нашым Касцёле. Тут маем на ўвазе ўсіх тых, хто праз штодзённую малітву на працягу 9-ці месяцаў ахвяруе свой час у інтэнцыі жыцця дзіцяці, якое знаходзіцца пад пагрозай пад сэрцам маці. […] Верым, што клопат “Духоўнага ўсынаўлення” дадае адвагі і надзеі маці, што чакаюць патомства, асабліва тым, якія па розных прычынах вагаюцца, ці дазволіць іх дзіцяці прыйсці ў свет.
    Заахвочваем да адважнага сведчання сваёй чалавечай істоты праз падтрымку жыцця. Няхай новы год прынясе Вам новыя сілы і энтузіязм у прыняцці адказнасці за цывілізацыю жыцця, абараняючы яго ад першых хвілін ажно да натуральнай смерці. Вера ў нараджэнне Езуса Хрыста няхай учыніць Вас здольнымі браць на сябе важнае служэнне на карысць годнасці чалавечай асобы.

Фрагмент паслання на нядзелю Святой Сям’і 2017