Слова для Жыцця (153)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Некаторыя секулярызаваныя грамадствы згубілі хрысціянскі сэнс нядзелі, асвечанай Эўхарыстыяй. Гэта грэх. У іх неабходна ажывіць гэтую свядомасць, аднавіць значэнне свята, значэнне радасці, парафіяльнай супольнасці, салідарнасці, адпачынку, які ўмацоўвае душу і цела. Настаўніцай усіх гэтых каштоўнасцей з’яўляецца Эўхарыстыя. [...] Што можам адказаць тым, хто сцвярджае, што не важна хадзіць на св. Імшу, нават у нядзелю, а важна толькі быць добрымі, любіць бліжняга? Гэта праўда, што якасць хрысціянскага жыцця вымяраецца здольнасцю любіць, як казаў Езус: “Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго” (Ян 13, 35). Але як можам практыкаваць Евангелле, не чэрпаючы з нядзелі ў нядзелю неабходныя для гэтага сілы з невычэрпнай крыніцы Эўхарыстыі? Мы ідзём на св. Імшу не каб даць штосьці Богу, але каб атрымаць ад Яго тое, у чым пасапраўднаму маем патрэбу.

Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 13.12.2017
 


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Сёлетні дэвіз прыбыцця Бэтлеемскага агню супакою – “У Табе ёсць святло”. Ён нагадвае нам праўду аб тым, што гэтае асаблівае святло заўсёды паходзіць ад Бога. Указвае на глыбокае пранікненне ў людское жыццё святла Езуса, якое “асвятляе цемру”.
    Кожны з нас, незалежна ад свайго ўзросту, можа стаць чалавекам, які нясе святло, а значыць, нясе Хрыста ў свет. Да гэтага таксама заклікае Святы Айцец Францішак, які кажа: “Ідзі і абвяшчай”. Ён заахвочвае нас быць вестунамі Божай Навіны ў сваіх асяроддзях, месцах вучобы і працы. Мы можам здзейсніць гэта не толькі праз вялікія падзеі, але, найперш, праз штодзённае служэнне на карысць іншых людзей; праз святло, якое захоўваем у сваіх вачах; праз згоду духу, якую не парушаюць нават самыя складаныя дні; праз жаданне служыць, нават калі адчуваем расчараванні. Чым больш святла Езуса мы маем самі, чым больш гэтага святла ў сем’ях, тым больш наша супольнасць дынамічная, а місія – праўдзівая.
    Распалім у іншых святло, што ёсць у нас, каб людзі, якія арыентаваны на святло, верылі не ў цемру, а ў яснасць дня; каб не паддаваліся ночы, але мелі надзею на ранак; каб не скарыліся злу і заўсёды верылі ў бясконцыя магчымасці дабра. […] Сучасны чалавек і свет маюць патрэбу ў гэтым святле!

Фрагмент прамовы падчас прывітання Бэтлеемскага агню супакою, 19.12.2017