Слова для Жыцця (151)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Ці можна “нарадзіцца нанова”? Ці магчыма зноў адчуваць смак, радасць, захапленне жыццём, нават перад абліччам шматлікіх трагедый? Гэта фундаментальнае пытанне для нашай веры і жаданне кожнага сапраўднага верніка: прагненне нарадзіцца зноў, перажыць радасць пачатку з чыстага ліста. Ці маем мы тое жаданне? Ці хочам пастаянна нараджацца нанова для сустрэчы з Панам? Ці маеце Вы гэта жаданне? Насамрэч, яго можна з лёгкасцю згубіць па прычыне празмернай актыўнасці, вялікай колькасці праектаў, якія трэба ажыццявіць. У выніку астаецца мала часу і мы губляем з вачэй тое, што аказваецца фундаментальным: наша ўнутранае, духоўнае жыццё, жыццё, якое з’яўляецца сустрэчай з Панам у малітве.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 15.11.2017  


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Сярод мноства тытулаў, якія хрысціянскі люд ужо на працягу 2-ух тысячагоддзяў надае Найсвяцейшай Панне Марыі, ёсць адзін, што асабліва нам блізкі – Маці Міласэрнасці. Калі чуем ці прамаўляем яго, нашы думкі адразу імкнуцца ў Вільнюс, дзе з вышыні сваёй невялікай, сціплай капліцы, аркай перакінутай праз вузкую вулічку, лагодна ззяе гораду над Віліяй і ўсяму свету салодкі, але адначасова смутны і задуменны позірк Марыі. У ім на працягу больш чым 3-ох стагоддзяў вернікі знаходзяць заспакаенне болю, суцяшэнне ў смутку, сілу і цярплівасць у цярпеннях.
    Калі называем Марыю Маці Міласэрнасці, прагнем падкрэсліць, што ў гэтым дзівосным аб’яўленні Божай міласэрнасці Яна мае сваю выключную, асаблівую ролю. Ніхто іншы, так, як Марыя, не пазнаў глыбіню таямніцы Створцы, які стаў Чалавекам. Марыя была сфарміравана Божай міласэрнасцю ў самым даслоўным сэнсе, паколькі Усявышні ў сваім Провідзе з самага пачатку выбраў Яе – прыгожую, беззаганную – Мамай для свайго Сына. Яна сапраўды з’яўляецца Божым шэдэўрам, таму што ласка, якой Марыя была адорана ва ўсёй паўнаце, захавала Яе нават ад найменшай плямы граху. Гэтая выключная прывілея Марыі робіць Яе здольнай да вялікай самаадданасці і абсалютнай вернасці Пану Богу.
    Няхай Маці Міласэрнасці выпрошвае для ўсіх нас глыбокую веру, святло Святога Духа, вернасць спадчыне мінулага і мужнасць, каб зазірнуць у будучыню.
Фрагменты гаміліі, прамоўленай падчас урачыстасці МБ Вастрабрамскай у гродзенскай катэдры, 16.11.2017