Слова для Жыцця (149)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Смерць агаляе жыццё. Дазваляе ўбачыць, што нашы ўчынкі, натхнёныя пыхай, гневам, нянавісцю, былі марнасцю. Мы з горыччу разумеем, што недастаткова любілі і не шукалі таго, што насамрэч істотнае. І наадварот, бачым тое, што па-сапраўднаму добрае пасеялі: любімых людзей, дзеля якіх рабілі вялікія ахвяры, і якія зараз клапоцяцца пра нас.
    Езус асвяціў таямніцу смерці. Сваім стаўленнем Ён дазволіў нам адчуваць сябе засмучанымі, калі адыходзіць блізкая асоба. Хрыстос глыбока ўзрушыўся перад магілай Лазара і “заплакаў” (параўн.: Ян 11, 35). Мы адчуваем, што ў гэтым учынку Езус вельмі нам блізкі, што Ён наш брат.
    Зараз я заклікаю ўсіх Вас закрыць вочы і падумаць пра хвіліну сваёй смерці. Кожны няхай уявіць той момант, які наступіць, калі Хрыстос возьме за руку і скажа: “Ідзі, ідзі са Мной, устань”. Тут закончыцца надзея і пачнецца рэальнасць. Рэальнасць жыцця. Падумайце добра: сам Езус прыйдзе да кожнага з нас са сваёй пяшчотай, лагоднасцю, любоўю. І няхай кожны паўторыць у сэрцы словы Езуса: “Устань, прыйдзі!”, “Устань, уваскрэсні!”.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 18.10.2017  


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Адной з найпрыгажэйшых і найважнейшых рыс тэрцыярства, якая надае яму асабліва вялікую вартасць, з’яўляецца ўтоены характар. Гэтую незаўважную прысутнасць тэрцыярыяў у Касцёле і свеце можна параўнаць з хлебнай закваскай, што расчыняе ўсё цеста ў адной з Езусавых прыпавесцей, або з дробкай солі, якая надае стравам смак і засцерагае ад псавання.
    Падобна як бл. айцец Ганарат Казьміньскі – заснавальнік 26-ці тэрцыярскіх таварыстваў, з якіх узнікла 16 манаскіх супольнасцей, у тым ліку 13 бесхабітовых, – карыстаючыся мізэрнымі сродкамі, здзейсніў вялікія Божыя справы, так кожны з Вас, дарагія Тэрцыярыі, сваёй прысутнасцю, малітвай, паставай, стараннай і сумленнай працай, добрым словам і ўчынкамі можа і павінен змяняць свет вакол сябе, рабіць яго больш людскім, памнажаць у ім супакой і дабро, згодна з францішканскім заклікам. Там, дзе Вы ёсць, – у сем’ях і супольнасцях, у месцах працы і жыхарства – Пан Езус аказвае людзям праз Вас бясконцую любоў.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас Нацыянальнага капітула Францішканскага ордэна свецкіх у Гродне, 13.10.2017