Слова для Жыцця (148)

Актуальна - Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Езус не жадае, каб вучні толькі паўтаралі завучаныя на памяць формулы. Ён прагне сведкаў: людзей, якія абвяшчаюць надзею праз тое, як прымаюць іншых, як усміхаюцца, любяць... Асабліва любяць, таму што сіла ўваскрасення робіць хрысціян здольнымі любіць нават тады, калі здаецца, што любоў згубіла на тое прычыны. Ёсць нешта “большае” ў хрысціянскім жыцці, што немагчыма патлумачыць проста сілай духа ці большым аптымізмам. Не! Наша вера, наша надзея – гэта не толькі аптымізм. Гэта штосьці іншае, штосьці большае. Гэта так, нібы вернікі з’яўляюцца людзьмі з дадатковым “кавалкам неба” над галавой. Як гэта цудоўна! Мы – тыя асобы, якіх суправаджае прысутнасць, што некаторыя не могуць нават адчуць. […] Сапраўдныя хрысціяне ніколі не з’яўляюцца лёгкімі і зручнымі людзьмі. Іх лагоднасць нельга блытаць з пачуццём няўпэўненасці і падатлівасцю. Св. Павел пабуджаў Цімафея цярпець дзеля Евангелля і казаў так: “Бог даў нам не духа боязі, але сілы, любові і разважнасці” (2 Цім 1, 7).
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 04.10.2017  


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Вобраз сатаны, які з апошніх сіл вядзе жорсткую барацьбу супраць вызнаўцаў Бога, на першы погляд можа напалохаць. Аднак трэба памятаць, што гэта ўраўнаважвае іншая, найважнейшая праўда хрысціянскай веры – праўда аб уваскрасенні Хрыста, Пераможцы смерці, пекла і д’ябла.
    Езус атрымаў ад Бога Айца “панаванне, гонар і каралеўскую ўладу”. Гэтая ўлада распаўсюджваецца на ўсе народы, плямёны і мовы. “Улада Ягоная – вечная ўлада, якая не адымецца. І валадарства Ягонае не будзе знішчана” (Дан 7, 14), – гаворыць прарок Даніэль. Менавіта дзякуючы перамозе Хрыста на дрэве крыжа д’ябал пацярпеў канчатковае паражэнне, а брамы Божага Валадарства назаўсёды адкрыліся для тых, хто быў абмыты ў крыві Баранка. Гэтая ісціна, усё ж, не выключае факту, што жыццё тут, на зямлі, з’яўляецца нястомнай барацьбой. Кожны з нас адчувае, як нялёгка накіроўвацца за Езусам, як складана рэалізаваць у жыцці ідэалы Яго Евангелля, як многа каштуе заўсёды і ў кожнай сітуацыі слухацца голасу ўласнага сумлення, пазбягаць зла і выбіраць дабро. Часта чалавек адчувае спакусу пайсці за лёгкасцю, па шляху найменшага супраціўлення, пошуку кампрамісу са злом і абірання фальшывых каштоўнасцей. Аднак у сваім штодзённым змаганні мы не самотныя. Збаўца чалавецтва Езус Хрыстус нястомна падтрымлівае нас сваёй ласкай.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас асвячэння капліцы ў рэкалекцыйным доме ў Росі, 29.09.2017