Слова для Жыцця (147)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Дзе б ты ні знаходзіўся – будуй! Калі апынуўся на зямлі – устань! Ніколі не заставайся на зямлі. Дазволь, каб табе дапамаглі падняцца. Калі сядзіш – выходзь у шлях! Калі сум цябе паралізуе – праганяй яго добрымі справамі. Калі адчуваеш сябе спустошаным ці дэмаралізаваным, прасі, каб Святы Дух змог зноўку запоўніць тваю пустату. Будуй мір сярод людзей і не слухай голасу тых, хто сее нянавісць і падзелы. Людзі, паколькі адрозніваюцца адзін ад аднаго, былі створаны, каб жыць разам. З супярэчнасцямі, цярпліва. Аднойчы ты ўбачыш, што кожны носіць у сабе часцінку праўды. Любі людзей. Любі кожнага з іх. Паважай шлях усіх, якім бы ён ні быў: прамым ці пакручастым, бо кожны мае сваю гісторыю. Кожны з нас можа распавесці яе. Кожнае дзіця, якое нараджаецца, – гэта абяцанне жыцця, што чарговы раз аказваецца мацнейшым за смерць. Кожная любоў, якая ўзнікае, – гэта сіла перамены, што імкнецца да шчасця.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 20.09.2017  


biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Мы ўсе добра ведаем, што сучаснаму чалавеку – часта занядбанаму духоўна, разгубленаму, няраз збунтаванаму, які, усё ж, нягледзячы ні на што шукае сэнс жыцця і ў глыбіні сэрца тужыць па сапраўдных, трывалых вартасцях – вельмі неабходны святары, і ён ставіць да іх усё вышэйшыя патрабаванні. Святар павінен быць сапраўдным пастырам свайго люду – святым, аўтэнтычным у тым, што абвяшчае і як жыве, чалавекам, які з верай і замілаваннем глядзіць на Езуса Хрыста, бацькоўскай любоўю кахае вернікаў і з’яўляецца для іх надзейным духоўным правадніком у дарозе да Пана.
    Каб святары заўтрашняга дня маглі справіцца з гэтымі заданнямі, трэба зрабіць усё, каб семінарыя, як чытаем у Апостальскай адгартацыі Яна Паўла ІІ “Pastores dabo vobis”, была сапраўднай “адукацыйнай супольнасцю, форма якой акрэслена яе спецыфічнай мэтай: спадарожнічанне будучым святарам у іх пакліканні, а значыць дапамога ў распазнанні паклікання і яго прыняцці, а таксама падрыхтоўка да сакраманту пасвячэння з характэрнымі для яго ласкамі і абавязкамі, дзякуючы якім святар становіцца падобным да Езуса Хрыста, Галавы і Пастыра, робіцца здольны і абавязаны да ўдзелу ў Яго збаўчай місіі ў Касцёле і ў свеце” (PDV, 61).
Фрагмент прамовы падчас інаўгурацыі новага 2017/2018 навучальнага года ў Гродзенскай ВДС, 23.09.2017